Міхаіл Саакашвілі ўсё ж прарваўся праз мяжу
Нацыянальная паліцыя Украіны ў Львоўскай вобласці адкрыла крымінальную справу паводле артыкула 332 Крымінальнага кодэксу (незаконная перапраўка асоб праз дзяржаўную мяжу) па выніках падзей на мяжы Польшчы з Украінай, калі актывісты дапамаглі колішняму прэзідэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі без памежнага афармлення трапіць на ўкраінскую тэрыторыю. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ад сутыкненняў пацярпелі 16 памежнікаў.
Паралельна следства вядзе і вайсковая пракуратура, і ў яго выніку кваліфікацыя дзеянняў асобаў, якія бралі ўдзел у падзеях, у тым ліку і народных дэпутатаў, можа быць змененая.
***
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што прарыў мяжы на польска-ўкраінскай мяжы экс-прэзідэнтам Саакашвілі і яго паплечнікамі з’яўляецца злачынствам і не патрабуе палітычных ацэнак. Пра гэта ён сказаў у панядзелак.
«На маю думку, гэты інцыдэнт не патрабуе ніякіх палітычных каментароў», – сказаў ён.
«Я як прэзідэнт, безумоўна, выканаю любое рашэнне суда. Не падабаецца рашэнне ўкраінскага суда, ёсць ЕСПЧ. Гэта прававая плоскасць. Прайшло больш за паўтара месяца, ніхто ў суд не звяртаўся. Замест гэтага ўчыненае злачынства, паколькі ёсць канстытуцыйны прынцып недатыкальнасці дзяржаўнай мяжы. Гэта пытанне нацбяспекі дзяржавы. Мне гэта ўсё роўна, хто парушае мяжу, — баевікі на ўсходзе, або палітыканы на захадзе. Павінна быць выразная прававая юрыдычная адказнасць», — заявіў Парашэнка.
***
23.00. Міхаіл Саакашвілі выступіў каля львоўскай ратушы на мітынгу. Ён заявіў, што нічога незаконнага ў яго пераходзе праз мяжу не было. Маўляў, людзям сказалі, што пункт пропуска замініраваны, таму яны былі змушаны пакінуць небяспечнае месца. На мітынгу была і Юлія Цімашэнка.
Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны сцвярджае, што ў час інцыдэнта на мяжы пацярпелі праз цялесныя пашкоджанні 12 байцоў Нацгвардыі і пяць памежнікаў. У Нацыянальнай паліцыі пры тым кажуць пра 11 пацярпелых, пяць з якіх патрульныя паліцэйскія, а шэсць – байцы спецпадраздзяленняў.
22.00. Паплечнік Саакашвілі Давід Сакварэлідзэ напісаў у Facebook, што той прыкладна праз паўгадзіны будзе ля львоўскай Ратушы.
Тым часам спікер Дзяржаўнай памежнай службы Алег Слабадзян заявіў „Украинской правде”, што
Саакашвілі і яго прыхільнікі здзейснілі як мінімум чатыры правапарушэнні: незаконна прарваліся на рэжымны аб’ект, парушылі міжнародныя дамовы з Польшчай, незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу і прычынілі цялесныя пашкоджанні памежнікам.
20.40. Міхаіл Саакашвілі выступіў перад сваімі прыхільнікамі. Ён сказаў, што мае толькі мірныя намеры і назваў тое, што адбывалася днём сапраўдным цыркам. Ахова вывела Саакашвілі з кола журналістаў. „Громадське” піша, што ён накіроўваецца ў Львоў.
20.12. Паводле апошніх звестак Саакашвілі перайшоў украінскую мяжу без дакументаў. Ён ідзе ў суправаджэнні прыхільнікаў і журналістаў па ўкраінскай частцы пункту пропуска. Журналіст Раман Скрыпін напісаў, што Саакашвілі затрымалі.
20.09. Натоўп прарваўся праз пункт пропуска „Шэгіні” на ўкранска-польскай-мяжы, дзе імкнецца ўехаць ва Ўкраіну экс-прэзідэнт Грузіі і былы галава Адэскай абласной адміністрацыі Міхаіл Саакашвілі. Пра гэта ў Facebook напісаў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян. Узнікла штурханіна і нават бойка.
19.20. Мяжа на замку. На пункце пропуску скандуюць „Ганьба!”. Гэты вокліч адрасаваны ўкраінскім сілавікам.
18.45. Саакашвілі праз тэлефон расказаў тэлеканалу News One, што у польскіх памежнікаў пытанняў да яго дакументаў не было. Але трапіць на тэрыторыю ўкраінскага пункту пропуска ён не можа, бо „Шэгіні” заблакаваны.
Пункт пропуску „Шэгіні” з украінскага боку.
18.10. Аўтобус з Саакашвілі заехаў на пункт пропуску на польска-украінскай мяжы. Зараз палітыкі афармляюць дакументы на польскім баку. Аўтобус з журналістамі на тэрыторыю пункта пропуска пакуль не заехаў.
Журналіст Раман Скрыпін гаворыць, што Саакашвілі будзе пераходзіць мяжу не ў пункце пропуску „Краковец”, а ў „Шэгіні”, які бліжэй да Перамышля.
17.17. Абвешчана, што Міхаіл Саакашвілі збіраецца вярнуцца ў аўтамабільны пункт пропуску Краковец. Ніякіх каментароў сёння пра недарэчную сітуацыю на мяжы ад прэзідэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі не было.
17.10. Прадстаўнік Саакашвілі абвесціў, што ён з паплечнікамі не пойдзе ў наступны цягнік „Інтэрсіці”. Ён прапанаваў пасажырам з першага цягніка перасесці ў другі. Саакашвілі такім чынам вернецца ў першы цягнік.
17.05. На суседніх перонах Перамышля стаяць два цягнікі „Інтэрсіці”, у абодвух няма Саакашвілі. Палітык знаходзіцца зараз на платформе, дзе праводзіць імправізаваны брыфінг. Цягнікі пакуль не едуць.
16.35. Журналіст Сяргей Грышын расказаў, што абяцаныя аўтобусы не прыехалі. На пероне тым часам сабралася шмат людзей і ўзнікла невялікая штурханіна.
16.33. Міхаіл Саакашвілі імкнецца перасесці на наступны рэйс. Пасажыры іншага цягніка, які прыбыў на суседнюю платформу, незадаволеныя гэтым. Яны баяцца, што гэты цягнік таксама затрымаюць.
15.45. У цягніку зрабілі наступную абвестку: „У звязку з сітуацыяй наш цягнік затрымліваецца. Ахвотныя пасажыры могуць перасесці на аўтобусы, якія давязуць іх да тэрыторыі Ўкраіны. Кошт квіткоў будзе вернуты на тэрыторыі Ўкраіны”.
15.38. Нацыянальная паліцыя Ўкраіны заявіла, што не мае ніякага дачынення да затрымання цягніка, маўляў яго рух не ўваходзіць у кампетэнцыю паліцыі.
15.20. Начальніца цягніка ўпэўнена, што існуе забарона на ўезд Саакашвілі ва Ўкраіну. Яна цвердзіць „Быў указ!”. Магчыма яна мае на ўвазе указ Пятра Парашэнкі пра пазбаўленне Міхаіла Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства.
15.02. Дэпутаты з суправаджэння Саакашввілі абступілі начальніцу цягніка. Патрабуюць, каб яна дала каманду ехаць. Пагражаюць здаць яе польскай паліцыі як дыверсантку.
Сітуацыя з цягніком, якім збіраецца ехаць ва Ўкраіну Міхаіл Саакашвілі, набыла гратэскавы характар.
Украінскія дэпутаты накіраваліся да начальніка цягніка, каб высветліць, чаму цягнік не едзе. Саакашвілі, Цімашэнка, Налівайчанка, Найем правялі нараду ў тамбуры.
Як толькі Саакашвілі выйшаў з вагону, абвесцілі, што цягнік адпраўляецца. Але палітык паспеў заскочыць назад. Пасля гэтага цягнік ужо не адпраўляецца зноў.
***
Саакашкілі заявіў наступнае: „Прэзідэнт Парашэнка загадаў кіраўніку „Укрзалізниці” спыніць цягнік на тэрыторыі Еўрапейскага звязу”. Былы галава Адэскай адміністрацыі сказаў, што такім чынам кіраўнік украінскай дзяржавы „узяў у закладнікі ўсіх пасажыраў гэтага цягніка”.
Саакашвілі дадаў, што „толькі дзікі барыга мог да такога дадумацца”.
Пасля гэтага па дынаміках пасажырам паведамілі, што цягнік не пойдзе, бо ў ім знаходзіцца „асоба без дазволу на ўзезд на тэрыторыю Ўкраіны”.
Высветлілася, што ёсць яшчэ цягнік „Інтэрсіці” Перамышль-Львоў на які хапае квіткоў. Ён ідзе дзве гадзіны і ў 16.02 павінен быць у Львове.
***
У Перамышлі Міхаіл Саакашвілі заявіў наступнае: „Мы толькі што параіліся…пачаткова наш план быў іншым: мы рухаліся на Краковец. Там зараз сабраліся тысячы неабыякавых украінскіх грамадзян, каб не было спробаў ставарыць у краіне дыктатуру. Але там ёсць і цітушкі, узброеныя цітушкі, і ёсць планы правакацый, якія былі агучаны рознымі пасіпакамі і падлізамі Адміністрацыі Прэзідэнта, Авакава ды іншых. Каб унікнуць правакацый, мы ўсе параіліся, адкладалі рашэнне, але зараз усе пагадзіліся ехаць на „Інтэрсіці”. Калі згодны, мы арганізуем, каб усе трапілі на цягнік і паехалі”.
Крыніцы паведмляюць, аднак, што квіткі на міжнародны цягнік з Перамышля ёсць толькі на заўтра.
Саакашвілі прыехаў у Перамышль, паведаміў тэлеканал NewsOne.
***
Партал „Грузия Online” піша, што экс-галава Нацыянальнай паліцыі Украіны Хація Дэканоідзэ выправілася сустракаць Саакашвілі на ўкраінска-польскай мяжы.
Тым часам Міхаііл Саакашвілі правёў брыфінг у польскім горадзе Жэшув. Да яго ў Жэшув прыехала Юлія Цімашэнка. Яны разам збіраюцца ехаць праз мяжу.
Чакаецца, што Саакашвілі збіраецца перакрочыць мяжу каля 14.00. „Галадоўку дакладна не збіраюся абвяшчаць. Дзякуй Парашэнку за пазбаўленне грамадзянства, я дзесці 17 кілаграмаў страціў”, – іранічна сказаў Саакашвілі журналістам у аўтобусе.
***
Ля пункта пропуску „Краковец” правахоўнікі затрымалі голую актывістку Femen. На яе галаве быў вянок з рознакаляровымі стужкамі.
Паліцыянты панеслі дзяўчыну, бо яна адмовілася ісці сама. Прысутныя пачалі крычаць „Ганьба!”.
Портал „Дивись.info” паведамляе, што актывістка правяла адзіночную акцыю. На яе целе быў напіс „Дурні без межаў”. У руках яна трымала фотаздымкі прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і экс-прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі.
10 верасня праз гэты пункт пропуску, плануе вярнуцца ва Ўкраіну Міхаіл Саакашвілі.
Дзяржаўная памежная служба заклікала падарожных не выкарыстоўваць пункт пропуску Краковец 9-12 верасня з-за магчымых масавых акцый. Да пункту таксама абмяжуюць доступ прэсы.
Саакашвілі заявіў, што яго будуць сустракаць дэпутаты ад „Самопомочі”, лідарка „Батьківщини” Юлія Цімашэнка і экс-міністр абароны Анатоль Грыцэнка.
Паводле даных сакратара партыі „Рух нових сил Михайла Саакашвілі” Мар’яны Почтар, таксама прыедуць 2-3 тысячы яго прыхільнікаў.
9 верасня першы намеснік галавы Дзяржаўнай памежнай службы ўкраіны Васіль Сервацюк расказаў, што ў Саакашвілі забяруць яго ўкраінскі пашпарт, а сасога палітыка вярнуць у Польшчу, калі ён не прадставіць сапраўднага дакумента пры перасячэнні польска-краінскай мяжы.
Прыхільнікі Саакашвілі арганізавалі ля пункту пропуска намётавы гарадок.
Беларускае Радыё Рацыя