Украіна – свабода ўсіх нас
Украіна выстойвае, выжывае і, дай Божа, хай перамагае! Першая гадавіна ваеннай агрэсіі Расеі на нашу суседку адназначна паказвае, што гэта вайна на жыццё і смерць украінскага народа і яго дзяржаўнасці. Масква не бачыць, здаецца, іншай развязкі, як капітуляцыя Кіева і наўпрост анексія ўсёй краіны. Украіна з усіх сіл мусіць адстаяць сваю незалежнасць і марыць вярнуць страчаныя тэрыторыі ўключна з Крымам. Для пуцінскага імперыялізму Кіеў, Менск, Кішынёў ― гэта сталіцы, якія мроіць захапіць у сваіх неабальшавіцкіх памкненнях. Дзяржавы Прыбалтыкі, Польшча ― гэта чарговая мэта спадкаемцы сталінскай ідэі помсты. Добра такую схему разумеюць народы менавіта ў паласе гэтак званага балтыйска-чарнаморскага хаўрусу, які проста прымушаны аб’яднацца дзеля выжывання. Першы палітычны і мілітарны кардон еўрасаюзных дзяржаў не ў змозе пратрымацца без еўраатлантычнага і натаўскага парасона. Нядаўняе падарожжа прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэна ў Кіеў і пабыўка ў Варшаве разам з лідарамі саміту бухарэсцкай дзявяткі ― гэта проста сведчанне, што ў вайны, на жаль, выбудоўваецца магчымы працяглы і пашыраючыся характар.
Выступленне прэзідэнта ЗША ў Варшаве ў сваім асноўным пасыле было прыгаданнем міжнароднай супольнасці, што вайна гэта не віртуальная справа, але рэальнасць, якая праціскаецца праз межы і кантыненты. Навідавоку мабыць выбудоўваецца палітычна-мілітарны блок Масква-Тэгеран-Пекін, якога ўзнікненне і супольная ўзаемадапамога, абазначае ў рэальнасці пашырэнне глабальнага канфлікту і, на жаль, трэцюю сусветную вайну ў міжкантынентальным дачыненні. Дай Божа, каб ніколі такое не здарылася і палітычная шахматная дошка не пераўтварылася ў атамную трагедыю. Тым больш у такой сітуацыі мы павінны разумець, які цяжар удару прыняла на сябе Украіна і што яна менавіта сваёй крывёю, слязамі, трагедыяй знішчэнняў і бежанства абараняе мірнае дыханне Еўропы! Гэтага да гэтай пары не могуць зразумець некаторыя сытыя і бесхрыбетныя палітыкі і грамадствы часткі нашага кантынента. Хаця тут апрача звычайнай дурасці маем і дачыненне да мільярдаў петраеўра, укладзеных апошнімі дзесяцігоддзямі Расеяй у ідэю рускага міру з мэтай узяць Еўропу без аніводнага выстралу.
Дзіўна знаёмая сітуацыя была перад выбухам Другой сусветнай вайны, калі гітлераўская Нямеччына, падпальваючы тадышні свет, мела дачыненне да палітыкаў, якія хацелі міру за любую цану, значыць, аддаць немцам усё, чаго яны дамагаюцца, каб потым апрача выказаных слоў, а нават аб’яўлення вайны Гітлеру, не гінуць за Польшчу. Такую сітуацыю беспардонна скарысталі знюхаўшыеся тады дыктатары Сталін і Гітлер, падзяліўшы нанова зоны акупацыі ў Еўропе ў 1939-1941 гадах. Усё ж неверагодна знаёмае! Ці ж гісторыя ізноў пакоціцца па прайшоўшым шляху? Тое, што і так можа здарыцца, выдатна разумеюць звычайныя людзі, для якіх некаторыя дзеянні палітыкаў у справе дапамогі Украіне выклікаюць проста ванітавы рэфлекс. Таму з першых дзён вайны мы бачылі чалавечую салідарнасць з народам, які апынуўся ў бядзе. Краінай, якая адкрыла свае межы і сэрцы стала Польшча. І надалей, нягледзячы на працягласць і шматлікія праблемы з лагістычным забеспячэннем ва ўсіх дзялянках бежанцаў, польскае грамадства са сваімі дзяржаўнымі, самаўрадавымі, няўрадавымі структурамі стараецца дапамагаць і не даць пагаснуць надзеі на ўзаемачалавечнасць.
Хваля ўкраінскіх бежанцаў дакацілася і да нас, на Падляшша. Памагаюць ім таксама і беларусы Падляшша ― карэнная нацыянальная меншасць і запускаючая тут свае карані беларуская дыяспара. Пра вайну, лёс бежанцаў падумалася мне ў мінулую пятніцу ў час акцыі ў Беластоку, прысвечанай першай гадавіне вайны. Проста трагедыя мільёнаў беларусаў, якіх у 1915 годзе царскія ўлады прымусілі пакінуць роднае гняздо, жыве ад пакаленняў у нашай генетычнай і ўжо гістарычнай памяці. І ехалі нашы прадзеды з Падляшша часта на тыя землі, якія зараз апынуліся ў агні вайны і бяды. А цяпер бежанцы адтуль трапляюць да нас. Некаторыя з іх гэта нават нашчадкі тых беларусаў, якія па волі лёсу засталіся ва ўсходняй Украіне. І каб нам ізноў не стаць бежанцамі, трэба быць салідарнымі з украінцамі і жадаць ім перамогі.
Яўген Вапа, тыднёвік „Ніва”, №10, 2023 г.