Украіна ў рэжыме перадвыбарнай «цішыні»
20 красавіка ва Украіне «дзень цішыні» перад днём паўторнага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у нядзелю, нагадвае агентцва УНІАН.
Згодна з законам Украіны аб выбарах прэзідэнта, у гэты дзень забараняецца публікацыя агітацыйных матэрыялаў у СМІ, распаўсюд перадвыбарных улётак, расклейка плакатаў, публічныя заклікі галасаваць за або супраць кандыдатаў на вышэйшую пасаду.
Галасаванне ў другім туры 21 красавіка пачнецца а 8-й па кіеўскім часе, а завершыцца ўвечары ў 20-й.
Як паведамляла УНІАН, яўка ў першым туры склала 63,52%, у галасаванні ўзялі ўдзел 18 мільёнаў 817 тысяч 656 чалавек. Самая высокая яўка была ў Львоўскай вобласці — 68,88% выбарцаў, самая нізкая ў Закарпацкай — 46,99%.
Напярэдадні дзейны прэзідэнт краіны Пятро Парашэнка і ягоны апанэнт Уладзімір Зяленскі ў прысутнасці больш як 20 тысяч чалавек правялі публічныя дэбаты на кіеўскім стадыёне «Алімпійскі».