Украіна выбрала новага прэзідэнта (абноўлена)
Цэнтральнай выбарчай камісіяй ужо апрацавана 91,50% электронных пратаколаў, ці 16.972.436 галасоў выбаршчыкаў.
Паводле дадзеных, за Уладзіміра Зяленскага аддалі галасы 73,16%, ці 12.418.592 галасоў выбаршчыкаў, а за Пятра Парашэнку — 24,50%, або 4.159.656 галасоў выбаршчыкаў.
Акрамя таго, паводле інфармацыі ЦВК, 2,32% выбарчых бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі па Украіне.
* * *
Пасля апрацоўкі 84,7% пратаколаў на выбарах прэзідэнта Украіны ўпэўнена перамагае Уладзімір Зяленскі. Ён набірае 73,19% галасоў. За Пятра Парашэнку прагаласавала 24, 47. Яшчэ 2,32% бюлетэняў прызнаныя несапраўднымі.
***
Уладзімер Зяленскі будзе новым прэзідэнтам Украіны. У другім туры выбараў прагаласавала больш як 45 % выбарцаў. Выбары прызналі чыстымі і транспарэнтнымі. Гэта прызнаў дзеючы прэзідэнт Пятро Парашэнка па завяршэнні выбараў у сваім выбарчым штабе. Паводле дадзеных экзітполу: за Зяленскага прагаласавала 73,2%, а за Парашэнку 25,3 %.
Кажа Пятро Парашэнка:
– „Ніколі не здавайся!” – чую я і зараз, калі бачу гэтыя вынікі экзітполу. А яны відавочныя. І даюць падставу зараз патэлефанаваць майму апаненту і павіншаваць яго.
На выступе пасля выбараў, Пятро Парашэнка двойчы цытаваў Уінстана Чэрчыля, як узору дзяржаўнага чалавека і патрыёта сваёй краіны. І абяцаў з палітыкі не сыходзіць. Праз месяц, згодна з законам, ён складзе свае паўнамоцтвы новаму прэзідэнту Улядзімеру Зяленскаму.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Reuters
* * *
Пётр Парашэнка прызнаў сваю паразу на выбарах прэзідэнта Украіны і заявіў, што бліжэйшым часам патэлефануе свайму суперніку Уладзіміру Зяленскаму і павіншуе яго з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах.
Паводле дадзеных нацыянальнага экзіт-пола 2019, які правялі Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі, Фонд „Дэмакратычныя ініцыятывы” імя Ілька Кучэрыва і Цэнтр Разумкова, у другім туры выбараў прэзідэнта Украіны перамагае заснавальнік і мастацкі кіраўнік студыі „Квартал 95” Уладзімір Зяленскі.
Вынікі экзіт-пола па стане на 19.00:
73,2% апытаных сказалі, что прагаласавалі за Зяленскага; 25,3% – за цяперашняга прэзідэнта Пятра Парашэнку. 1,5% апытаных сапсавалі бюлетэні.
***
21 красавіка праходзіць другі тур галасавання па выбарах прэзідэнта Украіны. Выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 8-й гадзіне раніцы і будуць адчынены да 20.00.
У другім туры спаборнічаюць Уладзімір Зяленскі і Пятро Парашэнка.
Напомнім, што ў першым туры выбараў узяло ўдзел рэкордная колькасць кандыдатаў – 39. У першым туры шоўмэн Уладзімір Зяленскі набраў 30,24% галасоў, а дзейсны кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка 15,95%.
Гэта сёмыя прэзідэнцкія выбары ў гісторыі Украіны. Пяты раз для вызначэння пераможцы спатрэбіўся другі тур. У 1991 і 2014 гадах прэзідэнт абіраўся адразу ў першым туры (Леанід Краўчук і Пятро Парашэнка). У 2004 годзе галасаваць давялося тройчы: Вярхоўны Суд прызначыў паўторны тур з-за парушэнняў, якія прывялі да немагчымасці вызначыць вынікі волевыяўлення ўкраінцаў. У выніку тады прэзідэнтам быў абраны Віктар Юшчанка.
Адзіны выпадак, калі перамогу здабыў кандыдат, які заняў у першым туры другое месца, адбыўся ў 1994 годзе. Тады дзейны прэзідэнт Леанід Краўчук 26 чэрвеня набраў 38,36% супраць 31.17% у незалежнага кандыдата Леаніда Кучмы, але 10 ліпеня Кучма апярэдзіў апанента (52,14% супраць 45,06%) і стаў кіраўніком дзяржавы.
130 тысяч правахоўнікаў будуць забяспечваць бяспеку цягам другога туру выбараў, заявіў у этэры ТРК „Украіна” міністр унутраных спраў Арсен Авакаў.
Паводле закону, канчатковыя вынікі выбараў Цэнтральная выбарчая камісія павінна абвесціць да 1 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя