Украіна высылае практычна ўвесь склад амбасады Беларусі
Украіна вырашыла скараціць колькасць персаналу амбасады Беларусі ў Кіеве да пяці чалавек, адмяніўшы дыпакрэдытацыю астатніх супрацоўнікаў амбасады Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў каментарыі спікера Міністэрства замежных спраў Алега Нікаленкі, паведамляе gordonua.com.
„Міністэрства замежных спраў Украіны сёння накіравала МЗС Беларусі афіцыйную ноту аб рашэнні ўкраінскага боку скараціць колькасць персаналу пасольства Беларусі ва Украіне да пяці чалавек. Дыпламатычная акрэдытацыя астатніх супрацоўнікаў беларускага пасольства адмяняецца, а іх і членаў іх сем’яў знаходжанне на тэрыторыі Украіны аб’яўляецца непажаданым”, – адзначыў Нікаленка.
„Такія рашэнні з’яўляюцца адказам нашай дзяржавы на недружалюбныя дзеянні Беларусі ў адносінах да супрацоўнікаў дыпламатычных устаноў Украіны ў Менску і Берасці, – растлумачыў Нікаленка. – Перасцерагаем улады Беларусі, што любыя яе далейшыя недружалюбныя крокі адносна Украіны атрымаюць неадкладны і рашучы адказ”.
Нагадаем, што МЗС Беларусі паведамілі 23 сакавіка, што ўлады рэспублікі прынялі рашэнне аб высылцы 12 украінскіх дыпламатаў з краіны і закрыцці Генеральнага консульства Украіны ў Берасці.
© Фота: Sergii Kharchenko ZUMAPRESS.com Globallookpress