Украіна за дэструктыўную прапаганду дэпартавала грамадзяніна Беларусі
2 студзеня Служба бяспекі Украіны (СБУ) паведаміла на сваёй старонцы, што блакавала дэструктыўную дзейнасць грамадзяніна Беларусі Паўла Карназыцкага, які „распаўсюджваў антыукраінскую прапаганду на тэрыторыі нашай дзяржавы”.
„Аператыўнікі спецслужбы ўстанавілі, што замежнік, які пражываў ва Украіне нелегальна, публічна распаўсюджваў фэйкавую інфармацыю. У прыватнасці, у час выступаў на некаторых тэлевізійных каналах ён ставіў пад сумнеў прызнаныя міжнароднай супольнасцю доказы прысутнасці войскаў краіны-агрэсара на часова акупаваных тэрыторыях нашай краіны”, – адзначылі ў СБУ.
У спецслужбе дадалі, што грамадзянін Беларусі неаднаразова публікаваў антыукраінскія матэрыялы на медыярэсурсах, падкантрольных тэрарыстычным арганізацыям „ДНР” і „ЛНР”. Замежнага грамадзяніна дэпартавалі ў Беларусь. СБУ забараніла яму ўезд ва Украіну тэрмінам на тры гады.
Старшыня СБУ Васіль Грыцак адзначыў, што пасля ўвядзення абмежаванняў на ўзезд расейскіх грамадзян ва Украіне спецслужбы Расеі ўсё часцей прыцягваюць да правакацый іншаземцаў.
„Дзейнасць такіх праплачаных Расеяй прапагандыстаў ёсць пагрозай не толькі нацыянальным інатрэсам Украіны, але і супярэчыць заканадаўству краіны іх паходжання”, падкрэсліў ён.
Карназыцкі называе сябе незалежным аналітыкам і палітычным аглядальнікам. Ён выступаў на тэлеканалах „112 Украина” і NewsOne.
Беларускае Радыё Рацыя