Украіна заклікае адрэагаваць на расейскую прапаганду ў медыях
Украіна заклікае міжнародную супольнасць неадкладна адрэагаваць на распальванне ў дзяржаўных медыях Расейскай Федэрацыі нянавісці да Украіны, а таксама распаўсюд відавочных фальсіфікацый.
З такой заявай выступіў на пасяджэнні ў ААН украінскі прадстаўнік Алег Нікалаенка. Паводле дыпламата, расейскія СМІ адыгрываюць вялікую ролю ў агрэсіі супраць Украіны і ў эскалацыі канфлікту на Данбасе.
Пра галоўныя тэзісы расейскай прапаганды распавядае палітолаг Алена Мельнічэнка:
– Што да мэсыджаў, якія транслявала расейская прапаганда, адзін з іх, гэта тое, што Украіна не дзяржава, Украіна – гэта краіна, якая не мае права існаваць у цяперашніх межах. Яшчэ адзін трэнд, які мы назіралі ў расейскіх медыях – гэта дэманізацыя ўсіх ўкраінцаў і ўсяго ўкраінскага.
Расейскія тэлеканалы бесперашкодна транслююцца ў Беларусі і адыгрываюць немалую ролю ў фарміраванні грамадскай свядомасці беларускіх грамадзян, кажуць эксперты.
Беларускае Радыё Рацыя
