Украіна заяўляе, што паспяхова спыніла ворага амаль па ўсіх напрамках



25-ты дзень расейскага ваеннага нападу на Украіну.

Галоўнай стратэгічнай мэтай агрэсара застаецца сталіца краіны – Кіеў, аднак украінцы працягваюць паспяхова абараняцца, а месцамі пераходзяць у контрнаступы.

У суботу прэс-сакратар Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянык паведаміў, што на працягу апошніх некалькіх дзён украінскае войска адпіхнула расейскіх вайскоўцаў на 70 кіламетраў ад Кіева.

Генштаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы ўтрымліваюць абарону на ўсіх участках фронту і “прымушаюць ворага адмовіцца ад ажыццяўлення наступальных рухаў”.

“Цяпер няма ніякіх значных змен у аперацыйнай сітуацыі. Вораг затрыманы амаль па ўсіх напрамках, з якіх наступаў”, – цытуе Матузяныка “Украінская Праўда”.