Украіна зменіць парадак уезду расейцаў на сваю тэрыторыю



Парадак уезду расейцаў ва Украіну можа быць зменены ў бліжэйшыя некалькі тыдняў. Расея не выключае ўвядзенне мер у адказ.

Як паведамляе „Камерсант” са спасылкай на свае крыніцы ва ўрадзе Украіны і Вярхоўнай радзе, змены могуць адбыцца яшчэ да 1 верасня.

Па словах суразмоўцаў выдання, візы для расейцаў вырашана не ўводзіць, аднак заехаць ва Украіну грамадзянін Расеі зможа толькі пры наяўнасці ў яго біяметрычнага пашпарта.

Другай неабходнай для перасячэння мяжы ўмовай стане своечасовае запаўненне размешчанай на сайце МЗС Украіны анкеты, у якой прыйдзецца паказваць у тым ліку месца працы, дакладную мэту паездкі і маршрут.

«У перспектыве апавяшчаць аб сваім прыездзе трэба будзе за месяц – за выключэннем экстранных выпадкаў, як, напрыклад, хвароба або смерць сваяка», – паведаміў суразмоўца «Коммерсанта», блізкі да знешнепалітычнага ведамства Украіны. Паводле яго слоў, анкету трэба будзе запаўняць альбо на ўкраінскай, альбо на англійскай мове.

Да 1 сакавіка 2015 года расейцы маглі прыязджаць ва Украіну па ўнутраных расейскіх пашпартах, але пасля гэтай даты ўезд стаў магчымы толькі па замежпаспартах, сапраўдным на працягу ўсяго часу знаходжання ў краіне.

У ліпені 2017 года аб хуткім увядзенні біяметрычнага кантролю на мяжы Украіны казаў прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка. Паводле яго слоў, новая мера павінна закрануць усіх замежнікаў, якія прыбываюць.

«Мы павінны здымаць біяметрычныя дадзеныя, уключаючы адбіткі пальцаў, лічбавыя фатаграфіі. Гэта значна ўзмоцніць магчымасці барацьбы з тэрарызмам», – заявіў тады Парашэнка, патлумачыўшы, што ўсе неабходныя дакументы ўжо падрыхтаваныя, а неўзабаве памежнай службе будуць выдзелены сродкі для закупкі неабходнай тэхнікі.

Дакладны тэрмін увядзення біяметрычнага пагранкантролю Парашэнка не назваў, паабяцаўшы, што на падрыхтоўку адвядуць дастаткова часу, каб «добрапрыстойныя грамадзяне не адчулі ніякіх нязручнасцяў».

Раней сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (СНБА) Аляксандр Турчынаў заклікаў закрыць уезд ва Украіну для расейцаў без біяметрычных замежпаспартаў, а кіраўнік украінскага МЗС Павал Клімкін прапаноўваў увесці для расейцаў сістэму папярэдняй абвесткі аб маючых адбыцца паездках.

ej.by