Украіна знайшла ў каго набыць зброю



Украіна заключыла каля 20-ці кантрактаў на закупку зброі. Пра гэта паведамляюць расейскія СМІ. Дамоўленасці дасягнуты ў час выставы зброі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, на якую завітаў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Сам Парашэнка заявіў журналістам пра закупку выключна абарончай зброі ад амерыканскіх, еўрапейскіх і блізкаўсходніх кампаній.

„Калі такія дамовы сапраўды былі заключаныя, неўзабаве пра гэта паведаміць адміністрацыя Пятра Парашэнкі”, – мяркуе ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб:

– Пакуль яшчэ рана казаць таму, што прэзідэнцкі бок яшчэ не агучыў дамоўленасцяў, якія падпісваў. Відавочна, што агульныя рысы вайсковых кантрактаў будуць агучаныя ўкраінскім бокам у нармальным парадку. Мы ведаем, што гандль зброяй – гэта вельмі закрытая тэма, тым не менш агульныя абрысы кантрактаў вядомыя.

У сваю чаргу ўкраінскія СМІ паведамляюць толькі пра дамоўленасць пра закупку Украінай зброі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Дэпутат Вярхоўнай Рады Антон Герашчанка некалькі дзён таму сказаў, што Еўразвяз увёў негалоснае эмбарга на пастаўкі зброі ва Украіну. Чэхія, якая раней прадавала элементы патронаў, адмовілася гэта рабіць.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя