Украінец заявіў, што яго завербавалі ў Беларусі



Жыхар Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці Украіны заявіў, што яго завербавалі беларускія памежнікі для збору сакрэтнай інфармацыі аб ахове ўкраінскай мяжы. Пра гэта паведаміла «Радыё Свабода» са спасылкай на судовыя матэрыялы. Беспрацоўны мужчына ў жніўні 2014 года перасек мяжу з Беларуссю па-за пункта пропуску, ён накіроўваўся да бацькоў, якія жывуць у адной з вёсак Гомельскай вобласці. Яго затрымалі супрацоўнікі памежнай аховы Беларусі.

Па словах украінца, вярбоўка адбылася ў аддзеле памежнай аховы. Ён пагадзіўся на супрацоўніцтва, каб пазбегнуць штрафу за незаконнае перасячэнне мяжы, дэпартацыі і наступнай забароны на ўезд у Беларусь. Мужчына атрымаў заданне збіраць інфармацыю аб інжынерных збудаваннях, асабістым складзе, графіках дзяжурстваў, узбраенні, ваеннай тэхніцы падраздзялення «Задзерыеўка» Чарнігаўскага памежнага атраду. Служба бяспекі Украіны кваліфікавала здарэнне як дзяржаўную здраду. Такое злачынства караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 12 да 15 гадоў. Але ад пакарання грамадзянін быў вызвалены, бо добраахвотна паведаміў аб вярбоўцы.

З адпаведнай заявай украінец звярнуўся ў спецслужбу пасля таго, як сабраў сакрэтную інфармацыю, але адмовіўся яе перадаваць беларускім памежнікам. Нібыта за гэтую адмову летам 2016 года яго і дэпартавалі з Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя