Украінская армія ўвайшла ў Ліман
Украінскія ўзброеныя сілы блізкія да вызвалення горада Ліман Данецкай вобласці. Ідуць баі, пра гэта паведаміў прадстаўнік АК „Усход” Сяргей Чэрэваты, якога цытуюць украінскія СМІ.
Раней з’явілася відэа з устаноўкай дзяржаўнага сцяга ўкраінскімі вайскоўцамі на ўездзе ў Ліман.
На працягу апошніх некалькіх дзён ВСУ ўзялі пад кантроль пяць населеных пунктаў вакол горада, а ў Ліман увайшлі праз суткі пасля фармальнай анэксіі захопленых украінскіх рэгіёнаў Расеяй.
Страту кантролю над Ліманам пацвердзіла расейскае міністэрства абароны.
Раней кіраўнік Луганскай АВА Сяргей Гайдай паведаміў, што расейскія вайскоўцы ў Лімане прасілі камандаванне адыйсці, у чым ім адмовілі. Па словах Гайдая, зараз у расейскай групоўкі ў гэтым горадзе тры выхады: пайсці ў прарыў, здацца ці загінуць. Паводле яго слоў, у гэтым раёне знаходзяцца каля пяці тысяч расейскіх салдат, якія трапілі ў акружэнне.
Ліман з’яўляецца стратэгічна важным горадам для далейшага контрнаступлення ВСУ на Луганскую вобласць.