Украінская выведка: Вайна з Расеяй не будзе працяглай
Начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў уважае, што вайна РФ супраць Украіны не будзе доўгатэрміновай. Пра гэта ён сказаў на штогадовай сустрэчы «Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі». Цытата: «Гэта маё асабістае меркаванне, якое грунтуецца на аналізе тых даных, якія мы маем, першым чынам, па суперніку». Паводле яго слоў, расейцы фізічна не могуць весці доўгатэрміновыя дзеянні.
Адказваючы на пытанне аб поспеху ўкраінскага контрнаступу на паўднёвым усходзе краіны, Буданаў адзначыў, што наступ ідзе адразу па некалькіх кірунках, і не толькі там. Ён прызнаў, што расейцы маюць добра выбудаваную лінію абароны, «і не адну лінію», а таксама маюць велізарную колькасць пераносных супрацьтанкавых комплексаў. Гаворачы аб тым, ці паўплывае змяненне надворʼя на контрнаступленне, кіраўнік ГУВ сказаў, што «так ці інакш баявыя дзеянні будуць працягвацца».
Тым часам, страты ў асабовым складзе расейскага войска перавысілі набліжаюцца да 270 тыс. Падлік вядзе Генштаб Украіны. За суткі паказнік вырас прыкладна на 490 асобаў, маюцца на ўвазе забітыя ды параненыя.