Украінскім пытаннем зоймецца Азамат Кульмухаметаў



Расея змяніла свайго прадстаўніка ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе. Замест пасла ў Кіеве Міхаіла Зурабава ў групе будзе працаваць пасол па асаблівых даручэннях Азамат Кульмухаметаў. Адпаведнае распараджэнне падпісаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, паведаміла прэс-служба Крамля.

З ініцыятывы расейскага боку адбылася тэлефонная размова паміж міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым і кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Украіны Паўлам Клімкіным. „Абмяркоўваліся актуальныя пытанні рэалізацыі комплексу мер па выкананні менскіх пагадненняў ад 12 лютага 2015 года, уключаючы неабходнасць найхутчэйшага фарміравання рабочых падгруп кантактнай групы з удзелам Расеі, Украіны, Данецка, Луганска і АБСЕ. Лаўроў паінфармаваў пра прызначэнне новага прадстаўніка Расеі ў кантактнай групе.

62-гадовы Кульмухаметаў раней нёс дыпламатычную службу ў арабскіх краінах – займаў пасаду намесніка дырэктара дэпартамента Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі МЗС РФ. Удзельнічаў ва ўрэгуляванні цяперашняга сірыйскага канфлікту.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота kontrmaidan.ru