Украінскія памежнікі не дазволілі прэзідэнту Пшэмысля наведаць Украіну
Паміж Украінай і Польшчай разгортваецца чарговы дыпламатычны скандал. Украінскія памежнікі не дазволілі прэзідэнту горада Пшэмысль Робэрту Туку наведаць Украіну. Пра гэта сам Робэрт Тука распавёў на прэс-канферэнцыі, якую склікаў адразу пасля інцыдэнту.
Прэзідэнт Пшэмысля стаў персонай нон-грату праз адпаведнае рашэнне, якое наклала СБУ.
У СБУ гэтае рашэнне патлумачылі так: «Робэрт Тука атрымаў забарону на ўезд ва Украіну на 5 гадоў яшчэ ў 2016 годзе за дзейнасць, якая шкодзіць дзяржаўнай бяспецы Украіны», — заявілі ў прэс-цэнтры СБУ.
СБУ не канкрэтызуе чым менавіта Робэрт Тука нанёс шкоду ўкраінскай дзяржаве, але кіеўскія аналітыкі дапускаюць, што забарона накладзеная з прычыны шэрагу антыўкраінскіх выступаў, якія адбыліся ў Пшэмыслі напрыканцы 2016 года пад непасрэдным патранатам мэра. Найперш, марш польскіх арлянят, падчас якога польскія ўльтраправыя агучвалі шматлікія антыўкраінскія лозунгі: «Смерць украінцам» і «Пшэмысль і Львоў — назаўжды польскія».
Рэакцыі афіцыйнай Варшавы на гэтую забарону пакуль няма.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя