Украінскія праваабаронцы заклікаюць спыніць дыпламатычныя зносіны з рэжымам Лукашэнкі
Украінскія грамадскія і праваабарончыя арганізацыі заклікалі Офіс прэзідэнта, Савет нацыянальнай бяспекі і абароны, міністэрства замежных спраў разгледзець магчымасць спынення дыпламатычных адносінаў з прадстаўнікамі нелегітымнага і антыдэмакратычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве арганізацый грамадзянскай супольнасці адносна чарговай хвалі рэпрэсіяў у Беларусі. Апублікаваны дакумент падпісалі «Усход SOS», Праваабарончы цэнтр «Поступ», Адукацыйны дом правоў чалавека – Чарнігаў, Free Belarus Center, Цэнтр правоў чалавека ZMINA, Дом свабоднай Расіі. У ім адзначаецца, што напады на грамадзянскую супольнасць адбываюцца па ўсёй краіне. „На працягу года, які прайшоў пасля пачатку мірных пратэстаў у Беларусі, амаль сорак тысяч чалавек былі незаконна затрыманыя і падвергнуты катаванням, больш за чатыры тысячы пратэстуючых, журналістаў і праваабаронцаў былі падвергнуты крымінальнаму пераследу. Заблакаваная праца вядучых незалежных медыя, праваабарончых арганізацый і апазіцыйных палітычных партый”, – гаворыцца ў заяве. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што такога маштабу палітычных рэпрэсіяў не бачыла ні адна краіна Усходняй Еўропы і былога СССР пасля падзення «жалезнай заслоны».
Беларускае Радыё Рацыя