Сітуацыя ў Дэбальцаве крытычная (абноўлена)
Гэта прызнаюць украінскія вайскоўцы. Прарасейскія баевікі працягваюць наступ на горад і амаль поўнасцю ўжо яго кантралююць. Украіна звярнулася да краінаў-удзельніц Менскіх перамоваў, краінаў ЕЗ і НАТА з просьбай асудзіць дзеянні прарасейскіх баевікоў на Данбасе.
Мяркуе былы польскі дыпламат Павал Коваль:
– Падзеі на ўсходзе Украіны паказваюць, што без ангажавання ЗША вырашыць канфлікт не ўдасца.
Тым часам прадстаўнікі місіі АБСЕ па-ранейшаму не маюць доступу да месца баявых сутыкненняў. Украінскі бок заяўляе, што баевікі не дазваляюць назіральнікам праехаць у Дэбальцава, каб зафіксаваць парушэнне дамовы аб перамір’і.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Украінскія ўрадавыя сілы і прарасейскія сепаратысты не пачалі адводу цяжкога ўзбраення ад лініі фронту, як было ўзгоднена ў Менску на мінулым тыдні.
Паводле Менскага пагаднення такі адвод павінен пачацца сёння. На думку польскага палітыка Марка Бароўскага, улады Украіны павінны імкнуцца да міру нават за кошт тэрытарыяльных саступак на карысць сэпаратыстаў.
– Але такая склалася сітуацыя – Україна больш слабая дзяржава нават пры дапамозе Захаду, якую Захад можа аказаць, яна не ў стане перамагчы Расею. Трэба мець гэта на ўвазе. Такое неаднаразова было ў гісторыі, калі краіна ішла на саступкі, каб захаваць Незалежнасць.
Нягледзячы на абвешчанае ў ноч на 15 лютага перамір’е, у раёне Дэбальцава працягваецца страляніна.
Абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэнні дамоўленасцяў, вядуць агонь і адмаўляюцца прапускаць на кантраляваную імі тэрыторыю назіральнікаў ад АБСЭ.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Кіраўнікі Расеі, Украіны і Нямеччыны дамовіліся аб «канкрэтных захадах», каб дазволіць назіральнікам АБСЭ правесці маніторынг няўстойлівага спынення агню на усходзе Украіны. Толькі дыпламатычныя сродкі могуць спыніць кровапраліццё на ўсходзе Украіны, лічыць польскі палітык Марэк Бароўскі.
– Пуцін перадусім хацеў утрымаць Украіну ў зоне сваіх уплываў. І адначасова хацеў падтрымліваць добрыя адносіны з Захадам, дзяліць з ім зоны ўплыву. Ці гэтага ён дамогся? Не. Украіна упэўнена хоча быць сябрам Еўразвязу. Свае адносіны з Захадам Пуцін папсаваў на шмат гадоў. Мае санкцыі, сітуацыя на міжнародным рынку нафты яго засільвае. Атрымаў крыху тэрыторый. Але што з гэтага? Яго амбіцыі сягалі высока, ён хацеў быць адным з уладароў свету, каторыя вызначаюць, што на свеце павінна адбывацца. Але тое жаланне лопнула.
Канцлер Ангела Меркель і прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікалі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна «выкарыстаць свой уплыў на сепаратыстаў для забеспячэння выканання спынення агню».
Адвод цяжкога ўзбраення ад лініі фронту павінен пачацца 17-га лютага, баі аднак не спыняюцца, як з боку сепаратыстаў так і ўкраінскага войска.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота facebook.com