Украінскія следчыя хочуць дапытаць уладальніка запісаў размоў у КДБ Беларусі



Нацыянальная паліцыя Украіны перадала на фанаскапічную экспертызу атрыманы аўдыёзапіс размовы ў Камітэце дзяржбяспекі Беларусі, датаваны 2012 годам, які можа дапамагчы вызначыць замоўнікаў забойства Паўла Шарамета.

Сфармавана супольная група следчых паліцыі і пракуратуры, якая найбліжэйшым часам гатова выехаць у краіну знаходжання ўладальніка аўдыёзапісаў для правядзення следчых дзеянняў.

У паліцыі адзначылі, што атрыманая інфармацыя пра так званы «беларускі след» у справе Паўла Шарамета тычыцца толькі тых, хто замовіў ягонае забойства, і гэтыя матэрыялы адпрацоўваюцца ў асобнай крымінальнай справе.

4 студзеня 2021 года брусэльскае выданне EUObserver апублікавала запіс размовы 2012 года з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У размове гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанентаў беларускай улады.

Журналіст выдання «Українська правда» Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева.

Беларускае Радыё Рацыя