Украінца Шаройку будуць судзіць за шпіянаж



КДБ правёў экстранны брыфінг, прысвечаны затрыманню ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, якога падазраюць у шпіянажы. Нагадаем, што карэспандэнт “Украінскага радыё” ў Беларусі Павел Шаройка быў затрыманы ў Менску. Украінскі консул паведаміў, што Шаройка знаходзіцца ў СІЗА КДБ — яго вінавацяць у шпіянажы.

Сёння справу пракаментаваў афіцыйны прадстаўнік КДБ Дзмітрый Пабяржын. Паводле яго, “кадравы супрацоўнік вайсковай разведкі Украіны Павел Шаройка быў затрыманы 25 кастрычніка. Пасада карэспандэнта радыё была прыкрыццём. У Беларусі Шаройка стварыў агентурную сетку з беларускіх грамадзян, якія за грошы збіралі інфармацыю з вайскова-палітычнай сферы на карысць Украіны:

Праз некалькі гадзін пасля затрымання ўкраінскага разведчыка знешнепалітычным ведамствам быў паінфармаваны пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім. З улікам характару двухбаковых дачыненняў дасягнута дамоўленасць дадзеныя факты не агалошваць. Апрача таго, падчас збору сакрэтных матэрыялаў затрыманы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які займаўся шпіянажам у інтарэсах Украіны.

У дачыненні да беларуса пачалі справу аб здрадзе дзяржаве, што пагражае зняволеннем ад 7 да 15 гадоў. Паводле прадстаўніка КДБ, абодва затрыманыя прызналі сваю віну. Так, грамадзянін Украіны Павел Шаройка прызнаў, што ён кадравы супрацоўнік украінскай разведкі і мае званне палкоўніка. Беларус прызнаў, што “збіраў і перадаваў інфармацыю пра абароназдольнасць Рэспублікі Беларусь”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com