Украінцам рэкамендуюць перасякаць мяжу РБ і РФ толькі авіятранспартам



 Пасольства Украіны ў Беларусі рэкамендуе грамадзянам сваёй краіны ўстрымацца ад паездак, звязаных з перасячэннем беларуска-расейскай дзяржаўнай мяжы, за выключэннем авіяцыйнага транспарту. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце амбасады.

„Расея, спасылаючыся на адсутнасць пунктаў пропуску праз расейска-беларускую дзяржаўную мяжу, забараніла яе перасячэнне грамадзянамі трэціх краін, акрамя грамадзян Расейскай Федэрацыі і Беларусі, у тым ліку членамі дыпламатычнага і адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх устаноў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый”, — гаворыцца ў паведамленні.

Разам з тым, адзначае ўкраінскае пасольства, МЗС Расеі паведаміла, што з 15 мая 2017 года расійскі бок ажыццяўляе пагранічны кантроль паветраных суднаў, якія прыбываюць у РФ з тэрыторыі Беларусі, а таксама тых, што вяртаюцца назад.

„У сувязі з гэтым усім грамадзянам трэціх краін, у тым ліку членам дыпламатычнага і адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх устаноў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, рэкамендуецца для паездак па названым маршруце выкарыстоўваць авіяцыйны транспарт, — гаворыцца ў паведамленні. — Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, улічваючы, што паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй адсутнічаюць дзейныя пагадненні аб пунктах пропуску, рашэнне аб устанаўленні пунктаў пропуску на беларуска-расійскім участку дзяржаўнай мяжы не прымалася, кантроль на гэтым участку дзяржаўнай мяжы памежнай службай Рэспублікі Беларусь не ажыццяўляецца”.

У сувязі з гэтым пасольства Украіны ў Беларусі рэкамендуе сваім грамадзянам выкарыстоўваць авіятранспарт пры перасячэнні беларуска-расейскай мяжы. „Яшчэ раз звяртаем увагу грамадзян на існуючую небяспеку пры планаванні паездак у Расейскую Федэрацыю, агрэсія якой супраць Украіны працягваецца з 2014 года”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

belapan.com