Украінцы кажуць „не” расейскаму бізнесу



Ва Украіне пачаліся масавыя акцыі супраць тых прадстаўнікоў расейскага бізнеса, якія яшчэ там працуюць. Першая з такіх акцый прайшла ў Львове.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Толькі ў сталіцы Галіччыны знаходзіцца некалькі дзясяткаў прадпрыемстваў, якія належаць буйному расейскаму бізнесу. Адна з найбольш уплывовых – гандлёвы аператар “Мегаполіс-Украіна”, якая ўваходзіць у тытунёвую імперыю “Меркурый” расейскага алігарха Ігара Кісаева.

Больш за 200 актывістаў заблакавалі гуртавыя склады “Мегаполіс-Украіна” ў Львове, не дазваляючы рух транспарту кампаніі. На акцыі прысутнічалі паліцэйскія, якія пільнавалі парадак. Акцыя плануецца даўгачасовай – каля гуртавых складаў ужо паставілі пункты абагрэву і выставілі ахову. Актывісты так тлумачаць блакаванне складаў расейскай кампаніі: расейскі бізнес ва Украіне – не проста камерцыя, а інструмент палітычнага ўціску. Да таго ж, купляючы расейскія тавары, украінцы міжволі фінансуюць дзяржаву-агрэсара.

Палітолагі і фінансавыя аналітыкі мяркуюць, што гэта толькі першы крок па канчатковым выгнанні расейскага бізнеса з Украіны.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота klear.com