Украінцы могуць дачакацца адмены візавага рэжыму ў 2016-ым



Адмена візавага рэжыму Украіны з Еўразвязам адбудзецца да канца 2016 года, а фактычна пачне дзейнічаць у пачатку 2017 года. Такое меркаванне выказаў пасол Польшчы ва Украіне і колішні пасол у Беларусі Генрык Літвін.

«Я перакананы, што ў 2016 годзе мы пачуем канчатковае станоўчае рашэнне. А як доўга яно будзе праводзіцца ў жыццё практычна, сказаць цяжка», — прыводзіць яго словы ўкраінскае агенцтва УНІАН.

Сцэнар адмены візаў, лічыць пасол, ужо вядомы і не трэба чакаць новых перашкод. «Мы ў Польшчы заўсёды падкрэсліваем, што нам патрэбна адкрытая мяжа і трэба ўвесці бязвізавы рэжым з Украінай. Мы ведаем вельмі добра, што тут ніякіх пагроз няма, і гэта будзе карысным для абодвух бакоў — і для еўрапейскага, і для ўкраінскага», — падкрэсліў пасол.

Пры гэтым Літвін пацвердзіў, што адмена закране толькі турыстычныя шэнгенскія візы, а ўсе астатнія візы, звязаныя з дазволам працаваць, з культурным або дзелавым абменам, застаюцца.

18 снежня мінулага года Еўракамісія рэкамендавала Радзе ЕЗ тэрмінова разгледзець магчымасць увядзення бязвізавага рэжыму з Грузіяй, Украінай і Косавам. Былі апублікаваныя і справаздачы аб выкананні гэтымі краінамі ўмоў бязвізавага рэжыму. Аднак дакумэнт па Украіне ўключаў таксама абавязанні Кіева па барацьбе з карупцыяй, якія яшчэ трэба будзе выканаць у першым квартале 2016 году, перш чым Еўразьвяз працягне абмеркаванне бязвізавага рэжыму.