Украінцы спыняюць экспарт “русского мира” з Беларусі



Украінскія актывісты выступілі з ініцыятывай – забараніць уезд ва Украіну тым беларусам, якія ваявалі на баку ДНР і ЛНР, а таксама тым, хто займаецца антыўкраінскай прапагандай у сацыяльных сетках. Бо сітуацыя складаецца сапраўды дзіўная: нядаўні баявік непрызнанай рэспублікі, які забіваў людзей на Данбасе і выкладаў у сеціва адпаведныя фотаздымкі, цяпер ціха-мірна жыве ў Гомелі і нават можа прыязджаць па выходных у Чарнігаў “па закупы”.

Якім чынам складаюцца падобныя спісы? Хто і за што з нашых землякоў можа туды патрапіць? Што чакае беларускіх прыхільнікаў “русского мира”, якія наважацца прыехаць ва Украіну?

Пра гэта і пра шмат што іншае нашаму ўкраінскаму карэспандэнту распавёў старшыня “Самаабароны Майдана” Аляксандр Ясянчук.

Аляксандр Ясянчук: Беларусь – гэта саюзная дзяржава Расейскай Федэрацыі, краіны-агрэсара. І шмат чаго, што робіцца афіцыйнай уладай Рэспублікі Беларусь, каардынуецца з Масквою.

РР: …уладаю ці спецслужбамі?

Аляксандр Ясянчук: Безумоўна, беларускае КГБ каардынуе свае дзеянні з ФСБ РФ, а можа, і непасрэдна ім падпарадкоўваецца. Беларускія ўлады залежаць ад маскоўскіх. Калі Расея фактычна вядзе агрэсію ва Украіне, то і афіцыйны Менск, як мінімум, ніколі не будзе затрымліваць тых сваіх грамадзянаў, якія бралі ўдзел у тэрарыстычных арганізацыях ДНР і ЛНР. То бок, гэтыя людзі на волі, і яны могуць прыехаць да нас. І нам зусім не хочацца бачыць ва Украіне тых беларусаў, якія прапагандуюць ідэі “русского мира”, а тым больш тых, хто ваяваў на баку сепаратыстаў. Мы пачалі складаць спіс прыхільнікаў тэрарыстаў з тых, хто жыве на суседняй Гомельшчыне і якія адведваюць Сівершчыну ці патэнцыйна могуць сюды прыехаць. Спіс складзены і перададзены адпаведным органам. Мэта – забараніць ім бываць у нашай краіне раз і назаўсёды. Дакладна вядома, што ў спісе ёсць адзін беларус, які ваяваў на баку ЛНР. А Чарнігаву непатрэбныя тэрарысты, якія могуць несці загрозу і смерць.

РР: А як і на падставе чаго складаецца гэты спіс?

Аляксандр Ясянчук: Падобная публіка любіць сацыяльныя сеткі, дзе пахваляецца сваімі маласімпатычнымі поглядамі. Да таго ж у нас ёсць сябры ў Беларусі, якія таксама манітораць сітуацыю. Усе дадзеныя дбайна і неаднаразова правяраюцца, каб пазбегнуць памылак і не ўнесці ў спіс сумленнага чалавека як наёмніка тэрарыстаў. Потым спіс перадаецца нашым памежнікам…

РР: Але ж наёмніцтва, паводле ўкраінскага заканадаўства, – крымінальнае злачынства. Гіпатэтычная сітуацыя: беларускі грамадзянін, які ваяваў за сепаратыстаў як наёмнік, пераехаў беларускую мяжу і фізічна знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Такога грамадзяніна можа чакаць арышт?

Аляксандр Ясянчук: Я не ведаю, што з ім будзе. Хай ім займаюцца адпаведныя ўкраінскія службы. Але падкрэсліваю: мы ўзяліся за праблему сур’ёзна. А таму прашу розных ворагаў нашай краіны мець на ўвазе: кожная дзея супраць Украіны будзе фіксавацца.

РР: Але ж праўладныя медыя напэўна распачнуць вэрхал: маўляў, Украіна будуе “жалезную заслону”, татальна забараняе беларусам ездзіць да паўднёвых суседзяў…

Аляксандр Ясянчук: Зразумейце: тыя баявікі з беларускімі пашпартамі, якія бегалі па Данбасе з аўтаматамі, дзе забівалі людзей, такія ж небяспечныя для Беларусі, як і для Украіны. Такі баявік можа нават і ў Беларусі, у тым жа Гомелі, забіць суседа толькі таму, што баявіку не падабаюцца яго палітычныя погляды. А колькі я ведаю выпадкаў, калі беларусы прыязджалі ў Чарнігаў і прапагандавалі тут “русский мир”! Але тым беларусам, якія прыязджаюць ва Украіну, як сябры, мы вельмі і вельмі рады. У нас у Чарнігаве нават рэкламныя шыльды ўжо на беларускай мове ёсць! І тыя беларусы, якія глядзяць на ўкраінцаў, як на пабрацімаў, як на братні народ, заўсёды вярталіся дахаты з усмешкамі, задаволеныя.

Спіс беларускіх прыхільнікаў расейскай імперскай ідэі, а таксама баевікоў ДНР і ЛНР з беларускім пашпартам, будзе рэгулярна рэдагавацца і папаўняцца.

Гутарыў Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pikabu.ru