Украіну чакаюць датэрміновыя выбары ў парламент?
Урадавая кааліцыя ва Украіне распалася. Пасля выхаду з яе партыі былой прэм’еркі Украіны Юліі Цімашэнка «Бацькаўшчына», і партыі мэра Львова Андрэя Садавога «Самапомач» урадавая кааліцыя згубіла у Вярхоўнай Радзе большасць. Украінскае заканадаўства дае магчымасць або сфармаваць новую кааліцыю, або маюць быць абвешчаныя датэрміновыя выбары, кажа украінскі палітолаг Аляксандр Салантай:
— Заканадаўства Украіны дазваляе ісці і адным і другім шляхам. Кааліцыя можа дапоўніцца па колькасці галасоў: для гэтага адна з тых фракцыяў, якія сышлі за апошнія паўгода мае вярнуцца ў кааліцыю, альбо ў тыя фракцыі, што ёсць, маюць уступіць па некалькі народных дэпутатаў. Але паводле заканадаўства кааліцыя мае мець не менш за 226 дэпутатаў: палову парламенту. Калі гэта не адбудзецца да другой паловы сакавіка, тады магчымыя 2 варыянты: або прэзідэнт скажа працаваць у няпоўным варыянце, або абвесціць датэрміновыя парламенцкія выбары.
РР: Гэта крызіс нейкіх прыватных палітычных інтарэсаў, амбіцыяў, ці ўсё ж нешта іншае?
— Гэта крызіс прыватных інтарэсаў Яцанюка: прэм-ер-міністра, які страціў давер, але не хоча сыходзіць з пасады. Калі б ён склаў паўнамоцтвы — кааліцыя засталася б у такім выглядзе, у якім была і проста шукалі б іншы склад ураду, які тым часам працаваў бы, як выконваючы абавязкі. Яцанюк не захацеў ісці ў адстаўку, і таму, партнёры пачалі сыходзіць з кааліцыі.
РР: Апошнім часам ва ўкраінскім палітыкуме ўзнікла мноства карупцыйных скандалаў, ці гэта ўплывае на знешні імідж Украіны, украінскага ўраду, цяперашніх украінскіх палітыкаў?
— Знешні свет ведае, што ва Украіне высокі ровень карупцыі і таму гэта асабліва не ўплывае, а вось на ўнутраную палітычную сітуацыю — уплывае. Украінцы хацелі, каб была барацьба з карупцыяй, а тут — і давер страчаны і карупцыя. У выніку, палітыкі, якія хочуць пазмагацца за галасы народу, рэагуюць на гэта, дамагаюцца адстаўкі ўрада і з гэтага вынікае парламенцкі крызіс. Таму любыя карупцыйныя сігналы больш уплываюць на ўнутраную сітуацыю, чым на вонкі, бо ў знешняга свету няма ілюзіяў, што да ўкраінскай улады, там усе разумеюць, што яна мае карупцыйныя хвасты. А вось унутры краіны, калі быў давер і нейкія спадзяванні і Яцанюк сапраўды выйграў парламенцкія выбары і меў першае месца на выбарах, дык цяпер у яго апошняе месца і апошні рэйтынг.
.РР: Калі гаварыць пра само ўкраінскае грамадства: наколькі на сённяшні дзень украінцы больш цвяроза глядзяць на палітыку, бо ўсё ж гэта яны абіралі гэтых людзей паўтары гады таму?
— Так. І менавіта таму разглядаюцца два варыянты: абраць іншых ці зрабіць неяк так, каб гэтыя працавалі лепш. У грамадстве адна частка — расчараваная, а другая, усё адно, актыўныя і працягваюць дамагацца зменаў і рэформаў.
РР: Ці гэтае расчараванне не прывядзе да вяртання былой улады, з якой Украіна развіталася ў пачатку 2014 года? Ці апазіцыйны блок і былыя паплечнікі Віктара Януковіча не атрымліваюць дадатковых пунктаў у такой вось, незразумелай, сітуацыі?
— Ва Украіне няма забароны на працу прадстаўнікоў папярэдняй улады. Шмат у якіх выпадках іхныя людзі цяпер — прадстаўнікі новай улады і таму тут цяжка адрозніць: хто новая ўлада, а хто — старая. А калі раптам вернецца блізкае атачэнне Януковіча, не з гледзішча улады, а папросту людзі з ягонай каманды, тады ва Украіне не будуць працаваць дэмакратычныя механізмы і адбудуцца такія пратэстныя падзеі, якія будуць называцца «Майдан-3»: загаворыць вуліца і вуліца гэтыя будзе ўзброеная. Усе разумеюць, што нельга адкочвацца назад, бо тады пачнуцца вельмі моцныя вулічныя падзеі і яны будуць зусім недэмакратычныя — будзе правакацыя для народа.
РР: Майдан нарадзіў мноства грамадскіх актывістаў: новых, цікавых ідэяў і з’яваў як у палітыцы, так і ў грамадстве. Наколькі гэтыя свежыя сілы і новыя подыхі ў палітыцы адчувальныя. Ці народ пачынае звяртацца да традыцыйных Яцанюк, Парашэнка, Цімашэнка або Апазіцыйны блок, да менш вядомых партыяў, але з цікавымі праграмамі і да свежых людзей?
— На піку майдана, як людзей майдана людзі ўявілі і ўбачылі партыю Народны фронт, які далучыў у свае шэрагі і прадстаўнікоў самаабароны, і новыя добраахвотніцкія батальёны, што ваявалі на Усходзе супраць расейскай арміі. У той час для людзей Яцанюк быў і старым і новым адначасова. Зусім новай палітычнай сілай людзі бачылі Ляшко, і «Самапомач» мэра Львова, які таксама сфармаваў сваю палітычную сілу. Вось яны і занялі нішу палітычных сілаў, якія мелі выконваць заданне Еўрамайдана. Улічваючы, што Юлія Цімашэнка да Еўрамайдана адсядзела ў турме, як апазіцыянерка, якую пасадзіў Януковіч толькі за тое, што яна была ягоным канкурэнтам на прэзідэнцкіх выбарах, яна таксама мела імідж, хоць і не «новай старой», але такой, што мела выконваць заданне Еўрамайдана. Таму, людзі неадназначна ўспрымаюць паводзіны Яцанюка, які прыйшоўшы да улады, пачаў дзейнічаць, як старая ўлада, і зусім не праводзіў глыбінных рэформаў, з-за чаго ягоны рэйтынг і згарэў. Што да нараджэння новых сілаў, дык за гэты час, паводле мяне, найбольш у гэтым плане дасягнула партыя «Сіла людзей», як палітычная сіла новай фармацыі, якая была створана і зарэгістравана ўжо пасля Майдану і праявіла сябе ня мясцовых выбарах някепска. Таксама з мінулых палітычных сілаў, у мінулым парламенце, была такая партыя «Грамадзянская пазіцыя», якая прайграла выбары і вылецела з парламенту, але на мясцовых выбарах яна таксама паказала даволі добры вынік і магчыма будзе прэтэндаваць на вяртанне да палітычнай дзейнасці. Што да новых праектаў, дык будзе нямала такіх, што ствараюць украінскія алігархі і фінансуюць іх дзеля вызвалення той электаральнай нішы, якая ствараецца, бо фактычна частка выбарцаў расчароўваецца, частка — не. Таму ствараюцца новыя праекты, якіх становіцца усё болей.
РР: Шмат гаворыцца таксама пра дэалігархізацыю Украіны і украінскай палітыкі. Ці бачыце вы магчымасць гэта зрабіць, бо самі кажаце, што новыя партыі ствараюць алігархі.
— Бліжэйшым часам няма магчымасці адысці ад алігархаў. Ва Украіне алігархі пры уладзе: прэзідэнта алігарх, алігархі кантралююць парламенцкія партыі, фінансуюць і падтрымліваюць іх: уключаюць і выключаюць ім тэлевізар. Нікуды алігархі бліжэйшым часам з Украіны не знікнуць — гэта зразумела. Але партыі, якія я назваў: Сіла людзей і Грамадзянская пазіцыя — гэта палітычныя партыі, якія функцыянуюць без алігархаў і нягледзячы на гэта іхныя рэйтынгі растуць.
Цяперашні склад Вярхоўнай Рады быў абраны ўвосень 2014 года пасля перамогі Еўрамайдану. Пераможца мінулых выбараў Народны фронт прэм’ера Арсенія Яцанюка паводле апытанняў мае рэйтынг каля 1 працэнта.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле: