Улада вырашыла сама прапанаваць беларусам выходзіць на вуліцу?
У Міжнародны дзень культуры ўлада «павіншавала» беларусаў са святам. Кіраўнік НАУ паведаміў, што 15 красавіка Міністэрства культуры правяло першую з запланаваных нарад па пытаннях «аптымізацыі колькасці арганізацый культуры і скарачэнні штатных адзінак».
Паводле інфармацыі, якую перадалі Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню, да канца 2021 года плануецца „аптымізацыя” працоўных у сферы культуры на 20 працэнтаў.
Фактычна гэта азначае, што кожны пяты работнік сферы культуры, якіх цяпер у краіне больш за 65,5 тысячы чалавек, застанецца без працы.
Кіраўнік НАУ Павел Латушка адзначыў:
— Скарачэнне колькасці бюджэтных арганізацый сацыяльнай сферы на 20% дэманструе рэальнае становішча спраў у эканоміцы краіны, праблемы з напаўненнем даходамі дзяржбюджэту і грэбаваннем людзьмі, якія атрымліваюць і так не самую высокую зарплату і якія ў выніку акажуцца на вуліцы, — перакананы кіраўнік НАУ. Ён адзначыў, што скарачэннямі ўлада сама прапануе выходзіць беларусам на вуліцы.
Паводле звестках НАУ, падобныя паказчыкі скарачэння бюджэтных устаноў даведзены ўрадам і да іншых міністэрстваў сацыяльнай сферы (адукацыя, сацыяльная абарона, спорт і гэтак далей).