«Улада знаходзіцца ў „спіралі адчаю“»
Віктар Бабарыка ў інтэрв’ю з-за кратаў: «Улада знаходзіцца ў „спіралі адчаю“». Палітвязень мяркуе, што важнае значэнне ў змаганні, нягледзячы на тое, што хуткія перамены не ўдаліся, палягае ў незваротнасці пачатых працэсаў.
Віктар Бабарыка да гадавіны знаходжання за кратамі, якое будзе 18 чэрвеня, даў інтэрв’ю з-за кратаў парталу Tut.by. Ён выказаў упэўненасць у пераменах у Беларусі, якія наступяць нягледзячы на вал рэпрэсій, якія ўчыніў Лукашэнка супраць людзей, што наважыліся выступіць супраць яго ўлады. Бабарыка называе любую жорсткасць праявай страху і слабасці, паколькі «моцны не бывае жорсткім».
На 21 чэрвеня прызначаныя судовыя спрэчкі ў справе Віктара Бабарыкі. Але сам ён маральна гатовы да працяглага тэрміну ў турме, «тым больш што цяпер там збіраюцца не самыя дрэнныя людзі».
Беларускае Радыё Рацыя
