Уладам перададзены зварот з заклікам адзначыць 101-ю гадавіну абвяшчэння БНР



Арганізацыйны камітэт па святкаванні Дня Волі накіраваў уладам зварот з заклікам адзначыць 101-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Дакумент і яго копіі, падпісаныя васьмю членамі аргкамітэта, перададзеныя 4 лютага ў Адміністрацыю прэзідэнта, ва ўрад, а таксама ў Менскі гарадскі выканаўчы камітэт, паведаміў БелаПАН член аргкамітэта, мастак Мікола Купава.

Дзень 25 сакавіка ў гісторыі Беларусі, гаворыцца ў звароце, заслугоўвае быць занесеным у нацыянальны каляндар для штогадовага святкавання на дзяржаўным узроўні. Аргкамітэт паведамляе, што распачатая падрыхтоўка да святкавання 101-й гадавіны абвяшчэння БНР і заклікае грамадскасць адзначыць свята „на годным узроўні”, а дзяржорганы — ушанаваць памяць БНР і яе дзеячаў, у тым ліку ў выглядзе ўстаноўкі помнікаў і памятных дошак, а таксама перайменавання вуліц Мінска і іншых гарадоў.

Акрамя таго, аргкамітэт прапаноўвае скарыстацца пазітыўным вопытам супрацоўніцтва ініцыятыўнай групы з мясцовымі ўладамі падчас арганізацыі святочных мерапрыемстваў 25 сакавіка 2018 года, з нагоды 100-годдзя абвяшчэння БНР.

Заяўка на правядзенне 24 сакавіка на стадыёне „Дынама” масавых мерапрыемстваў з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі пададзеная 16 студзеня ад імя Партыі БНФ і культурнай пляцоўкі „Арт Сядзіба”. Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў БелаПАН, што адказу на заяўку ад гарадскіх уладаў пакуль не было. „Час яшчэ ёсць. Але ў хуткім часе чакаем хоць бы папярэднюю інфармацыю”, — адзначыў палітык.

Гэта не адзінае мерапрыемства, якое да гадавіны абвяшчэння БНР сёлета арганізуюць дэмсілы. Тры палітычныя арганізацыі: (БСДП (Грамада), Аб’яднаная грамадзянская партыя і рух „За Свабоду”) — 28 студзеня падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 25 сакавіка на пляцоўцы каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета мітынгу, прымеркаванага да Дня Волі.

belapan.by