Улады Беларусі перадалі Расеі „баевікоў Вагнера”



Беларусь перадала Расеі 32 расейскіх грамадзян, раней затрыманых у рэспубліцы і абвешчаных „баевікамі прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера”.

„Трыццаць два грамадзяніны Расейскай Федэрацыі, якія былі раней затрыманыя на тэрыторыі Беларусі, перасеклі дзяржаўную мяжу Расейскай Федэрацыі і цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Расеі. Трыццаць трэці грамадзянін Расеі, які мае таксама беларускае грамадзянства, застаўся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, — паведамляе Генпракуратура Расейскай Федэрацыі.

Затрыманыя расейскія грамадзяне вернутыя ў Расею па хадайніцтве генеральнага пракурора Расейскай Федэрацыі Ігара Краснова.

„Перадача названых асоб ажыццёўленая ў строгай адпаведнасці з нормамі міжнароднага права і нацыянальнага заканадаўства Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, у цесным узаемадзеянні органаў пракуратуры нашых краін. Кампетэнтныя органы Расійскай Федэрацыі працягнуць разбірацца з сітуацыяй, якая склалася вакол гэтых грамадзян”, — гаворыцца ў паведамленні.

Аб затрыманні ў ноч на 29 ліпеня пад Мінскам 32 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі паведамілі беларускія дзяржаўныя СМІ. Пазней з’явілася ўдакладненне, што гаворка ідзе пра т. зв. расійскую прыватную ваенную кампанію Вагнера, акрамя таго, на поўдні краіны быў затрыманы яшчэ адзін чалавек.

30 ліпеня дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў, што па факце затрымання расійскіх баевікоў пад Мінскам распачатая крымінальная справа аб падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. „33 баевікі затрыманыя, да двухсот — дзесьці знаходзяцца на тэрыторыі [Беларусі], паводле аператыўнай інфармацыі. Ідуць пошукі. Гэта як іголка ў стозе сена”, — сказаў Раўкоў.

4 жніўня Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з пасланнем народу і парламенту, заявіў, што здзіўлены дыскусіям у інтэрнэце з нагоды затрымання ў Беларусі 33 расійскіх баевікоў. „Якія толькі там высновы і прапановы… Дайшлі да таго, што аж два прэзідэнты дамовіліся, — сказаў Лукашэнка. — Дык вось, гэта вельмі небяспечны і моцны сігнал. І ўсё гэта хлусня пра Стамбул, пра Венесуэлу, пра Афрыку і Лівію. Гэта ўсё хлусня. Гэтыя людзі — яны далі паказанні — былі накіраваныя спецыяльна ў Беларусь, каманда была чакаць”.

Паводле яго слоў, да затрыманых расіян беларускі бок ставіцца „па-чалавечы”. „І мы ад гэтага атрымалі пэўны эфект. Яны расказалі пра ўсё”, — заявіў Лукашэнка.

7 жніўня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку. Адной з галоўных тэм размовы стала затрыманне расійскіх грамадзян. „Выказана ўпэўненасць, што ўзніклая сітуацыя будзе ўрэгуляваная ў духу ўзаемаразумення, характэрнага для супрацоўніцтва дзвюх краін”, — адзначыла прэс-служба Крамля.

У сваю чаргу прэс-служба беларускага кіраўніка паведаміла, што „прэзідэнты дамовіліся максімальна прадметна і дакладна вывучыць кожны існуючы факт, з тым каб высветліць сапраўдныя прычыны сітуацыі, якая склалася, знайсці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці”.

Офіс генеральнага пракурора Украіны 11 жніўня накіраваў у Генеральную пракуратуру Беларусі запыт аб выдачы 28 з 33 расейскіх грамадзян, затрыманых пад Менскам 29 ліпеня. Дзевяць з гэтых 28 чалавек Кіеў лічыць украінскімі грамадзянамі.

Тым, каго Украіна прасіла выдаць, абвешчанае падазрэнне ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі (ч. 1 арт. 258-3 КК Украіны). „Следствам устаноўлена, што гэтыя асобы бралі актыўны ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей у складзе тэрарыстычных арганізацый „ЛНР” і „ДНР”, — паведамляе офіс генпракурора.

belapan.by