Улады Беларусі шукаюць так званых тэрарыстаў
Улады Беларусі, як унутры краіны так і па-за межамі, шукаюць так званых тэрарыстаў. Генпракуратура абвінаваціла Ціханоўскую ды «ByPol» у падрыхтоўцы тэрактаў на тэрыторыі Беларусі – на іх завялі крымінальную справу паводле арт. 289 КК («Падрыхтоўка тэракту»).
Як кажа эксперт па бяспецы, кіраўнік аналітычнага праекта „Belarus security blog” Андрэй Паротнікаў, зараз нейкага кшталту тэракты акурат не ў інтарэсах рэжыму Лукашэнкі:
– Узровень недаверу ў грамадстве настолькі высокі да ўладаў, што нават калі ўлады будуць казаць нейкую праўду, людзі будуць гэта ўспрымаць апрыёры ў адносінах да ўсяго, што зараз заяўляе рэжым. Дзейнічае прэзумпцыя хлусні, нават калі яны кажуць праўду. І калі мы вяртаемся да выбуху ў менскім метро 2011 года, то маё меркаванне сыходзіць з таго, што карані гэтага выбуху – не ў Беларусі. Гэта прывітанне з іншай суседняй краіны.
Ініцыятыва «ByPol» 24 сакавіка папярэдзіла грамадства, што ўлады рыхтуюць тэракты. Гэта магло дазволіць звінаваціць грамадства і ўвесці ў краіне надзвычайны рэжым. 26 сакавіка ў афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства ўнутраных справаў з’явілася паведамленне пра тое, што сілавікі перадухілілі тэракты, а нібыта сляды планаваных нападаў вядуць да ініцыятывы «ByPol».
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя