Улады Беларусі ставяць непрымальныя для Кандрусевіча ўмовы па яго вяртанні



Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Ватыкана Пол Рычард Галахер у інтэрв’ю інтэрнэт-выданню Crux (гэта былы праект амерыканскай газеты The Boston Globe, які спецыялізуецца на каталіцызме) пацвердзіў, што мэтай яго візіту ў Беларусь было вырашэнне праблемы мітрапаліта Кандрусевіча.

Па словах Галахера, ён спрабаваў даказаць, што дазволіць каталіцкаму іерарху вярнуцца ў Беларусь «у інтарэсах усіх бакоў – касцёла і дзяржавы», аднак чыноўнікі, з якімі ён сустракаўся, «не падзяляюць гэтага меркавання».

«Няма аптымізму з нагоды таго, што яны збіраюцца рушыць наперад у гэтым пытанні», – канстатаваў прадстаўнік Ватыкана. Галахер мяркуе, што «з-за абмежаванняў, якія ўлады, верагодна, будуць імкнуцца навязаць у якасці ўмовы для вяртання арцыбіскупа Кандрусевіча, дамовіцца пра гэта будзе цяжка”. Галахер дадаў, што спробы вырашыць гэтую сітуацыю не спыняцца.

З заяваў прадстаўніка Дзяржсакратарыята Святога пасаду наўпрост вынікае, што сітуацыя з Кандрусевічам – палітычная, што ён стаў непажаданы для ўладаў Беларусі з-за крытыкі іх рэакцыі на паслявыбарчыя вулічныя пратэсты. Галахер адзначыў, што ў аснове канфлікту ляжыць «розніца ва ўяўленні аб палітычнай ролі духавенства».

Беларускае Радыё Рацыя