Улады Беларусі з карыслівай мэтай выкарыстоўваюць Інтэрпол
Улады Беларусі з карыслівай мэтай выкарыстоўваюць Інтэрпол, часамі злоўжываюць. Такія заявы гучаць у беларускім замежжы, сярод прадстаўнікоў дыяспары ды нават на міжнародным узроўні. Праблема актывізавалася пасля інцыдэнту, што здарыўся ў Варшаве, калі польская паліцыя затрымала беларускага актывіста, які быў у спісах міжнароднай арганізацыі. Пасля высвятлення абставінаў польскія ўлады прынялі рашэнне – затрыманага актывіста не выдаваць Беларусі, а дыяспара пачала шукаць рашэння, каб такія сітуацыя не паўтараліся.
Як кажа юрыст, спецыяліст па міграцыйнай працы Алесь Міхалевіч, гэта пытанне можа вырашыцца толькі унутры самой арганізацыі, і калі ўлады пачнуць нахабна злоўжываць правам на складанне вышуковых спісаў.
– Большасць краінаў – сябраў Інтэрполу з’яўляюцца не дэмакратычнымі. І стаўленне да Беларусі там дастаткова прыхільнае. Гэта значыць, што пакуль Беларусь не пачне нахабна парушаць правілы Інтэрполу, размяшчаючы туды адназначна першапланавых асобаў, дастаткова цяжка гэта пытанне зварухнуць з такой стабільнай кропкі ў бок нейкіх санкцый у дачыненні да Беларусі. Але, безумоўна, гэта не юрыдычнае пытанне, гэта пытанне чыста палітычных рашэнняў.
Сапраўды, арганізацыя можа абмежаваць права Беларусі на выкарыстанне інструментаў Інтэрполу, але для гэтага патрэбная палітычная воля сябраў-чальцоў арганізацыі. Кажа юрыст Алесь Міхалевіч, які дапамагае вырашаць пытанні па лініі Інтэрполу. Заняўся гэтым пасля таго, як яго асабіста затрымлівалі ў Варшаве, калі ён як былы кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе быў абвешчаны ў міжнародны вышук.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя