Улады Беларусі занурыліся ў вывучэнне Падатковага кодэкса Расеі
Беларускія ўлады шчыльна заняліся пытаннем падрыхтоўкі адзінага з Расеяй Падатковага кодэкса ў адпаведнасці з планам па паглыбленні саюзнай інтэграцыі, паведаміла БелаПАН інфармаваная крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
«Міністэрства па падатках і зборах Беларусі «нырнула» ў расейскі Падатковы кодэкс і вывучае пытанне падрыхтоўкі адзінага з Расеяй падатковага заканадаўства», – сказаў суразмоўца.
Да цяперашняга часу, удакладніў ён, ужо прынятае рашэнне аб стварэнні ў Беларусі ўрадавай рабочай групы (камісіі), якая сумесна з бізнесам будзе разглядаць пытанне аб распрацоўцы адзінага Падатковага кодэкса Беларусі і Расеі.
16 верасня расейская газета «Коммерсантъ» раскрыла некаторыя падрабязнасці Праграмы дзеянняў Беларусі і РФ па рэалізацыі палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Самым важным пунктам праекта, на думку расейскага выдання, з’яўляецца абʼяднанне падатковых сістэм. Мяркуецца, што да 1 красавіка 2021 года будзе прыняты адзіны Падатковы кодэкс. Пры гэтым сказаць, з якога года ён набудзе моц, немагчыма.
Між тым у Беларусі ў 2018 годзе па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі дзяржорганы сумесна з бізнесам падрыхтавалі новую рэдакцыю Падатковага кодэкса.
«Падатковы кодэкс павінен быць простым і зразумелым. Але галоўнае – здольным падтрымліваць эканамічную дзейнасць, а не прымушаць субʼекты гаспадарання шукаць шчыліны, каб пазбегнуць фінансавых і падатковых абавязацельстваў», – заяўляў Лукашэнка.
Праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса быў прыняты ў канцы 2018 года. Пры гэтым дакумент у асноўным прадугледжваў спрашчэнне адміністрацыйных працэдур і не мяняў стаўкі асноўных падаткаў. Бізнес-саюзы чакалі, што стаўкі асноўных падаткаў могуць змяніцца падчас падатковай рэформы, правядзенне якой Мінфін дапускаў пасля 2020 года.