Улады Беларусі зноў атрымаюць гранты ЕЗ
Еўразвяз плануе выдзеліць 14,5 млн еўра для падтрымкі развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі. Пра гэта напярэдадні паведамілі на сустрэчы сустрэчы намесніка міністра эканомікі Паўла Уцюпіна з кіраўніком аддзела праектаў і праграм прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Фрэдэрыкам Кунэ.
Дадаткова Еўразвяз плануе надаць грантавай дапамогі беларускім уладам на 6 мільёнаў еўра. Афіцыйная мэта — правядзенне даследаванняў эфектыўнасці ў галінах дзяржаўнага кіравання, адукацыі і сацыяльнай абароны, а таксама ў фінансавым сектары.
Як улады, парушаючы правы грамадзян, атрымліваюць гранты на Захадзе? Акурат пра гэта, сярод іншага, гаварылася на мінулых выходных на адным з панэляў Кангрэсу даследчыкаў Беларусі.
— Калі ўлада спрабуе на частку грамадзянскай супольнасці павесіць нейкае таўро грантасосаў, выкарыстоўваючы такую абразлівую тэрміналогію, дык гэта ўсё выглядае дастаткова па-блюзнерску.
Уладзімір Лабковіч
Грантасмокі. Менавіта такі тэрмін на працягу многіх гадоў выкарыстоўваюць улады Беларусі ў дачыненні да праваабарончых і апазіцыйных арганізацый. Між тым, улады чамусьці, замоўчваюць, што асноўную частку заходняй дапамогі атрымліваюць яны самі, гаворыць Уладзімір Лабковіч з праваабарончага цэнтру “Вясна”.
— Улада і праўладныя грамадскія аб’яднанні значна большыя грантасосы. Тут можна казаць, што 70-80 адсоткаў тых грошай, што выдзяляюцца на падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, скіраваныя на тыя праекты, дзе дзяржава выступае партнёрам.
І гэта ідзе гаворка выключна пра гэтак званыя недзяржаўныя арганізацыі, створаныя насамрэч самой дзяржавай, альбо дзейнічаюць пад дзяржаўным кантролем: гэта і Саюз жанчын, і Чырвоны Крыж, а нават і БРСМ, які цяпер таксама тэарэтычна можа атрымліваць гранты.
— І такія арганізацыі сапраўды зараз шмат для якіх донараў могуць з’яўляцца эфектыўнымі, карыснымі і такую дапамогу могуць атрымліваць. Мы сапраўды мае сітуацыю калі забарона для такіх ідэалагічных, праўладных арганізацыі на пошук замежнага фінансавання сапраўды палітычна знятая.
Ілля Заранок
Між тым, ніякай справаздачнасці перад грамадзянамі гэтыя арганізацыі не нясуць. Куды выдаткоўваюцца мільёны заходніх грошай, не заўсёды ясна. Няма нічога благога ў атрыманні заходніх грошай на добрыя справы, гаворыць Ілля Заранок з Асамблеі недзяржаўных арганізацый. Тым не менш донарам варта было б паставіць ва ўмовы абсалютную празрыстасць у публічных справаздачах для суб’ектаў, якія могуць дзейнічаць у Беларусі легальна.
— Важна, што арганізацыі, якія афіцыйна зарэгістраваны, сродкі атрымліваюць афіцыйна. Значыць гэтыя арганізацыі могуць і павінны працаваць адкрыта зразумела і ясна, каб, напрыклад, людзі ў невялікім горадзе, у якім рэалізоўваецца праект, падтрыманы ААН ці Еўракамісяй, ведалі, што гэты праект рэалізоўваецца і маглі скарыстацца тымі дабротамі, якія гэты праект прыносіць.
Святлана Зянкевіч
Тым часам, адмыслоўцы адзначаюць іншую тэндэнцыю. Заходняя дапамога для сапраўды недзяржаўных арганізацый скарацілася, а грамадзяне Беларусі, нягледзячы на татальнае збядненне насельніцтва, пачалі самі больш актыўна фінансаваць культурніцкія і грамадскія ініцыятывы. Гаворыць Дырэктар “Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый” Святлана Зянкевіч:
— Я ведаю пра працу трох краўдфандынгавых платформ, якія працуюць у Беларусі. За мінулы год гэтыя арганізацыі сабралі 300 тыс. Даляраў для працы розных ініцыятыў у Беларусі.
Ёсць і іншы трэнд. На думку палітолага Андрэя Казакевіча, улады, нягледзячы на рэпрэсіі, спрабуюць лібералізаваць падыход да недзяржаўных арганізацый, а таксама паслабіць альбо і ўвогуле зняць ціск рэпрэсіўнай машыны ў адносінах да такіх сфер грамадскага жыцця як культура і мастацтва.
Андрэй Казакевіч
— Вось спецыфіка гэтай сітуацыі. Раней усё было адназначна, ну скажам з 1996 года, альбо гэта перыяд замаразкаў, альбо адлігі, і калі адбываліся рэпрэсіі ў адной сферы, то не было паляпшэння ў другой. А зараз мы бачым, то гульня ідзе ў дзве рукі: у асобных сферах ёсць факты пагаршэння сітуацыі і рэпрэсіўных захадаў, але гэта можа не ўплываць на іншыя сферы, дзе працягвавецца пазітыўная дынаміка. І ўсё гэта робіць сітуацыю яшчэ больш няпэўнай і складанай.
Палітолаг звязвае гэтыя працэсы са скарачэннем субсыдавання Расеяй. Улады Беларусі шукаюць грошы, а таму і вымушаны мяняць падыходы. Але чаму заходнія структуры вырашылі накіроўваць грошы арганізацыям, якія прадстаўляюць рэпрэсіўны і аўтарытарны рэжым, гэтае пытанне застаецца адкрытым.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя