Улады Беларусі знялі абмежаванне на колькасць дыпламатаў з ЗША
Афіцыйны Менск адмяніў абмежаванне на колькасць дыпламатаў ЗША, якім дазволена працаваць у Беларусі. Пра гэта паведамляе амерыканскае выданне Foreign Policy ў матэрыяле „Дыпламатычны прарыў для Вашынгтона ў апошняй дыктатуры Еўропы”.
Паводле звестак крыніц Foreign Policy ў дыпламатычных колах ЗША, аб прынятым рашэнні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў у чацвер, 10 студзеня, у тэлефоннай размове памочніку дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Уэсу Мітчэлу.
У 2008 годзе паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Тады ж Беларусь паводле патрабавання беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт, а 30 з 35 супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Менску былі высланыя з краіны.
Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах ўзначальваюць павераныя ў справах.
У канцы лістапада павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур заявіла ў інтэрв’ю БелаПАН, што ў Вашынгтона і Менска ёсць палітычная воля вярнуць паслоў. „І зараз тэхнічныя дэталі крыху тармозяць працэс. З-за іх усё гэта ідзе больш марудна”, — сказала яна.
Мур растлумачыла, што тэхнічныя моманты звязаныя з пытаннем аднаўлення паўнавартаснага штату пасольства, каб была магчымасць належным чынам забяспечыць працу пасла.
„Дзесяць гадоў пасольства працавала ва ўрэзаным складзе, — адзначыла Мур. — І нам патрабуецца час, каб дасягнуць таго моманту, калі зможа з’явіцца пасол. Як гаворыцца, д’ябал хаваецца ў дэталях. Так што гэта тэхнічны момант — аднаўленне паўнавартаснага штату супрацоўнікаў, іх уладкаванне і гарантыі таго, што мы здолеем адпавядаць усім патрабаванням для прыезду і падтрымкі працы пасла”.
На пытанне, колькі часу можа пайсці на вырашэнне гэтых тэхнічных дэталяў, Мур адказала: „Я аптыміст. Калі добра выканаю сваю працу, то магу стаць апошнім павераным у справах. У гэтым выпадку мой пераемнік прыедзе ужо ў рангу пасла”.