Улады дазволілі шэсце ў Курапаты на Дзяды



Менгарвыканкам задаволіў заяўку Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ на правядзенне 3 лістапада традыцыйнага шэсця і мітынгу ў месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты з нагоды дня памінання продкаў Дзяды.

Як паведаміў БелаПАН адказны сакратар КХП-БНФ і кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыяла Курапаты Алесь Чахольскі, дазвол атрыманы 28 кастрычніка. Менскія ўлады апавясцілі пра гэта намесніка старшыні партыі Юрася Беленькага на сустрэчы ў Менгарвыканкаме.

Збор удзельнікаў акцыі прызначаны на 11.30 каля будынка Менскага гадзіннікавага завода „Прамень”, ля станцыі метро „Парк Чалюскінцаў”. Шэсце пачнецца ў 12.00.

КХП-БНФ падала заяўку на правядзенне акцыі 13 кастрычніка.

Раней Чахольскі прапанаваў прадстаўнікам рэгіянальных ініцыятыў сабраць сваіх актывістаў і далучыцца да менскай акцыі на Дзяды з расцяжкамі, на якіх былі б указаны назвы месцаў масавых расстрэлаў, мемарыялізацыяй якіх яны займаюцца. Такім чынам, на яго думку, будзе паказана, „што прыязджаюць людзі з усёй Беларусі і колькі такіх месцаў у краіне”.