Улады Гародні адмовіліся адзначаць 100-годдзе БНР разам з апазіцыяй
Гарадзенскі гарвыканкам адказаў грамадскасці на зварот з нагоды 100-годдзя БНР. Чыноўнікі не выявілі жадання святкаваць юбілей з грамадскімі арганізацыямі.
Па словах кіраўніка гарадзенскай структуры партыі БНФ Вадзіма Сарачукова, улады ігнаруюць меркаванне грамадзянскай супольнасці.
– Мы спрабавалі зрабіць усё магчымае, каб не прыватызаваць агульнанацыянальнае свята. Каб зрабіць яго максімальна шырокім, максімальна даступным. Максімальна бяспечным для ўсіх. Сёння гарадская адміністрацыя не бачыць мэтазгоднасці ў супрацы з грамадзянскай супольнасцю, з палітычнымі партыямі ў Гародні. У адказе канкрэтна напісана: “лічым немэтазгодным”.
Адказ дадзены за подпісам намесніцы старшыні гарвыканкаму Зоі Кулешы. Характэрна, што ў адказе гаворыцца не пра 25 сакавіка, а пра 25-га…красавіка.
Прадстаўнікі гарадзенскага аргкамітэта па святкаванні юбілея БНР збіраюцца адсвяткаваць яго цэлым шэрагам мерапрыемстваў. Адным з іх будзе святочная акадэмія, якую будзе ладзіць Таварыства беларускай мовы разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Пра будучую імпрэзу кажа кіраўнік ТБМ па Гарадзеншчыне Вітаўт Парфёненка:
– Усіх гарадзенцаў, усіх людзей, якія лічаць сябе беларусамі з вялікай літары, запрашаем 23 сакавіка на 18.30 па адрасе вул. Будзёнага, 48 А на ўрачыстую імпрэзу, прысвечаную 100-годдзю БНР. Прадугледжана акадэмія, дзе будуць выступаць навукоўцы, якія раскажуць пра месца БНР у нашай гісторыі. Таксама будуць гучаць патрыятычныя песьні, гарадзенскія літаратары прачытаюць свае вершы і вершы беларускіх класікаў.
Цягам бліжэйшых дзён гарадзенскі аргкамітэт, што складаецца з прадстаўнікоў 14 розных партый і грамадскіх арганізацый прыме рашэнне, ці падаваць заяўку на правядзенне ў горадзе мітынга, прысвечанага 100-годдзю БНР.
Беларускае Радыё Рацыя