Улады і апазіцыя рыхтуюцца да парламенцкіх выбараў



Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з датай 11-га верасня для іх правядзення, а яшчэ раней казаў, што ў новым складзе павінна застацца толькі 30% ад цяперашняга складу. Беларуская апазіцыя праводзіць дыскусіі адносна аб’яднання, але з большага яны непаспяховыя. «У Беларусі няма прафесійнага парламенту», — нагадвае намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай Партыі БНФ Сяргей Папкоў, паводле якога беларускія дэпутаты таксама нясуць адказнасць за крызіснае становішча ў краіне:

— Гэта не парламент, гэта «палатка» і тыя людзі не вырашаюць праблемаў, але адказнасць вядома ў іх ёсць. Яны маюць выбар: альбо ўдзельнічаць там, альбо сысці. А сітуацыя адказнасці, вядома, застаецца.

«У беларускім парламенце няма прафесіяналаў», — дадае палітолаг Павел Усаў, які перакананы, што ў новы склад парламенту дэпутаты патрапяць па адным толькі прынцыпе лаяльнасці да ўладаў:

— Праблема такіх кадраў якраз такі не стаіць, я маю на ўвазе абсалютна некампетэнтных людзей. Тут гуляе фактар поўнай лаяльнасці. Звычайна, калі нават прагледзець структуру папярэдніх парламентаў, дык гэта хто? —  Дырэктары школаў, дырэктары саўгасаў, дырэктары прадпрыемстваў. Абсалютная нулявыя ровень і кампетэнтнасць гэтых людзей — праблема для нашага грамадства. І гэта адбіваецца на перспектывах. 

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11-га верасня. Паводле Аляксандра Лукашэнкі яны павінны прайсці «ў дэмакратычнай атмасферы, як гэта ў нас заўжды было» канец цытаты.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя