Улады не пагаджаюцца з высокім месцам Беларусі ў рэйтынгу рабства



Аўстралійскі фонд Walk Free Foundation днямі абнародаваў новы «Глабальны індэкс рабства». Беларусь займае там 20-е месца, а сярод еўрапейскіх краін увогуле першае. Ставаральнікі рэйтынгу налічылі ў нашай краіне 103 тысячы рабоў.

Паводле Дзмітрыя Цаюна, намесніка кіраўніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС, па статыстыку з Аўстраліі ніхто да міністэрства не звяртаўся. Па дадзеных МУС, у гэтым годзе ў рабства (працоўнае ці сэксуальнае) у Беларусі патрапілі 57 чалавек, але ж не 103 тысячы.

– Рэйтынгі пэўных краін і арганізацый абсалютна не супадаюць з рэальным станам спраў у нашай краіне. Дзеля чаго гэта робіцца? Не магу адказаць. Статыстыка абсалютна празрыстая, на сайце МУС яна бачная. І тыя лічбы, якія прыводзяцца нейкімі арганізацыямі і нейкія рэйтынгі, яны абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці. Магчыма прыватнае меркаванне аднаго чалавека або некалькіх. Не ведаю. Ад чаго яны адштурхоўваюцца? Магчыма, па рамонку варожаць?

Ларыса Бельская, кіраўніца галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС сумняецца ў прафесіяналізме аўстралійскай арганізацыі Walk Free Foundation.

– Якія апытанні яна праводзіла ў Беларусі, як яна выкарыстоўвала дзяржаўную статыстыку, гэта застаецца таямніцай. Пытанне любога рэйтынгу, гэта пытанне адказных адносін да яго састаўлення, атрымання інфармацыі, у тым ліку з дзяржаўных крыніц. Мы даём інфармацыю. Walk Free Foundation інфармацыю не запытвала. У нас ёсць усе падставы сумнявацца ў прафесіяналізме ацэнкі.

У дакладзе аўстралійскія аналітыкі не тлумачаць, якія паказчыкі і крыніцы яны скарыстоўвалі. Магчыма, высокім месцам у рэйтынгу Беларусь абавязаная так званым суботнікам і кантрактнай сістэме. Некаторыя эксперты бачаць, напрыклад, у суботніках, за ўдзел у якіх дзяржава не пералічвае работніку заробак, прыкметы рабства ці прымусовай неаплатнай працы.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя