Улады пагражаюць прыхільнікам Леаніда Дубаносава



У Мікашэвічах вакол ініцыятыўнай групы Леаніда Дубаносава разгараюцца жарсці.

Леанід Дубаносаў

„Улады пачалі запалохваць яўных староннікаў і сябраў ініцыятыўнай групы прэтэндэнта. Некаторыя людзі ў выніку просяць выкрэсліць іх з ініцыятыўнай групы і спыняюць усялякія кантакты,” – кажа патэнцыйны кандыдат:

– У вёсцы Лідзігірава ідэаолаг пачынае пужаць людзей, якія добра да мяне ставяцца, кажа: “Куды вы лезеце? Гэта вам не дзіцячыя гульні, гэта ўсё можа скончыцца дрэнна”. Таксама ў вёсцы Лахва таксама, у мяне сябра ініцыятыўнай групы сказаў, што ў яго дзяцей могуць забраць: “Лёня, мяне выкраслі і ўвогуле пра мяне нічога нідзе не кажы, бо дзяцей забяруць. Я пытаю: “Скажы мне прозвішча”. “Ты што, я не хачу, я тут жыву, усё”, – кінуў слухаўку і больш не падымае. У Лунінцы ў мяне дзве асобы збіраюць подпісы, дык іх начальнікі ўжо тэлефануюць і кажуць: “Вам трэба з’явіцца ў ваенкамат”.

Леанід Дубаносаў у палітыцы нядаўна. Ён шмат гадоў працаваў на мікашэвіцкім “Граніце” і быў звольнены за адмову выйсці з незалежнага прафсаюза. Не далі магчымасці працаваць і ягонай жонцы. Цяпер ён жыве з асабістай гаспадаркі. Дапамагае мясцовым жыхарам у вырашэнні сацыяльных праблем. За 2 дні сабраў 370 подпісаў.

Беларускае Радыё Рацыя