Улады пакуль не адказалі на скаргі штаба Ціханоўскай



Мінгарвыканкам і ЦВК пакуль не адрэагавалі на пададзеныя напярэдадні скаргі штаба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай на арганізацыю іншых мерапрыемстваў у парку Дружбы Народаў — адным з шасці месцаў, адведзеных у сталіцы для правядзення агітацыі пад адкрытым небам, паведаміла БелаПАН прадстаўнік штаба Ганна Красуліна.

3 жніўня на сайце адміністрацыі Савецкага раёна Менска з`явілася інфармацыя, што з 3 па 8 жніўня ў парку Дружбы Народаў вечарамі пройдуць канцэрты і святочныя мерапрыемствы. У прыватнасці ўвечары 6 жніўня — святкаванне дня чыгуначных войскаў, якое арганізуе Міністэрства абароны. У гэты ж дзень і ў гэты ж час у парку планаваўся вялікі мітынг-канцэрт у падтрымку Святланы Ціханоўскай.

4 жніўня штаб кандыдата ў прэзідэнты падаў у ЦВК і Мінгарвыканкам скаргі, запатрабаваўшы адмяніць рашэнне адміністрацыі Савецкага раёна аб арганізацыі на названай пляцоўцы мерапрыемстваў, якія не адносяцца да перадвыбарнай агітацыі. Акрамя таго, штаб папрасіў адрасатаў правесці навучальныя мерапрыемствы для кіраўнікоў адміністрацый па выбарчым заканадаўстве.

„Наша пазіцыя пакуль застаецца такой жа: мы праводзім наша мерапрыемства там, дзе мы заявілі, пра што мы цалкам законна падалі апавяшчэнне ў Мінгарвыканкам”, — адзначыла Красуліна. Яна падкрэсліла, што такая пазіцыя актуальная на гэты момант, не выключыўшы, што пазней усё можа змяніцца.

На пытанне, ці будзе сёння зробленая спроба абмеркаваць гэтае пытанне з кімсьці з чыноўнікаў на асабістай сустрэчы, прадстаўнік штаба Ціханоўскай адказала: „Мы ім напісалі ўчора, што патрабуем такую сустрэчу, каб яны яе прызначылі і з намі правялі, далі нейкую пэўную, хоць бы адносна законную пазіцыю”.

„Не думаю, што мы будзем другі, пяты раз стукацца. Мы ім паведамілі ўсё ў пісьмовай форме. Не думаю, што кандыдат у прэзідэнты павінен стаяць пад дзвярыма там”, — сказала Красуліна.

Варта адзначыць, што ў апошнія дні штаб Ціханоўскай быў вымушаны адмяніць некалькі агітацыйных мерапрыемстваў у розных гарадах Беларусі.

3 жніўня быў адменены запланаваны пікет у Стоўбцах (Менская вобласць). Прычынай сталі экстранныя земляныя працы каля ўваходу на стадыён „Юнацтва”, дзе павінна было прайсці мерапрыемства.

4 жніўня штаб Ціханоўскай адмяніў запланаваныя агітацыйныя пікеты ў Слуцку і Салігорску (Мінская вобласць) — зноў з прычыны экстранна ўзніклай неабходнасці ў правядзенні рамонтных работ. У гэтых гарадах былі затрыманыя людзі, якія прыйшлі на сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты.

У той жа дзень актывістам каманды Ціханоўскай з-за раптоўных рамонтаў не ўдалося сустрэцца з прадстаўнікамі штаба ў Мядзелі, Мар`інай Горцы, Чэрвені (Менская вобласць) і іншых гарадах.

belapan.by