Улады папаўняюць спіс так званых тэрарыстаў
Улады папаўняюць спіс так званых тэрарыстаў, нібы па ўказцы Крамля, сказала ў нашым эфіры палітык Вольга Карач. Напярэдадні яе ўнеслі ў спіс «арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Вольга Карач — кіраўніца грамадскай кампаніі «Наш дом» кажа, што гэта такая своеасаблівая ацэнка іх дзейнасці з боку ўладаў, якія ўвесь свет лічаць нелегітымнымі:
– Калі вось ідзе рэакцыя сістэмы на нашую дзейнасць, спрабуюць нас маркіраваць менавіта як тэрарыстаў ці штосьці яшчэ, гэта паказвае, што рэжым вельмі ўважліва сочыць за тым, што мы робім. І, на мой погляд, ён думае пра нас лепш, чым мы думаем пра сябе. Таму што, калі б мы былі праста слабыя з яго пункту погляду, то зразумела, навошта штосьці рабіць.
Слабых не заўважаюць, працягвае Вольга Карач. А ўсе высілкі рэжыму – здзіўляюць. Пра гэта таксама сведчыць магутная хваля рэпрэсіяў, якую запусцілі дзяржаўныя органы:
– Аляксандр Лукашэнка не адзін. Там ідзе такая стратэгія адразу на некалькіх роўнях. Бо за спінай Лукашэнкі стаіць яго старэйшы брат – Уладзімір Пуцін. І можа Лукашэнка сам супакоіўся б. Я думаю, што Крэмль хоча скарыстаць гэтую сітуацыю. І, на маю думку, зараз самае галоўнае, што мы мусім зразумець, гэта тое, што Расея рыхтуе штосьці такое як Крым 2.0.
А таму, як кажа Вольга Карач, яны зацікаўленыя, каб вынішчыць усіх актыўных, хто мог бы ініцыяваць пратэсты супраць гэтага. Акрамя Вольгі Карач у спісе «фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», таксама аказаліся затрыманыя ў ліпені Вадзім Гулевіч, Наталля Мацвеева, Аляксей Глотаў, Кірыл Ашурок, Зміцер Сасноўскі, Дзяніс Хофман (Хромаў).
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: twitter.com/nashaniva