Улады патрабуюць ад Чэрачня прызнаць колькасць агучаных ЦВК подпісаў



Ад патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнты Сяргея Чэрачня ўлады патрабуюць прызнаць, што яго штаб здаў 143 тысячы подпісаў, – піша «Наша ніва».

Раней у штабе палітыка Сяргея Чэрачня агучылі, што ў выбарчыя камісіі здалі ўсяго 106 500 подпісаў. Але ЦВК падлічыла, што за Чэрачня прынялі 143 100 подпісаў. Прадстаўнікі Чэрачня заявілі, што не ведаюць, адкуль з’явіліся яшчэ больш за 36 тысячаў подпісаў і сказалі, што гэтае пытанне не да іх.

Патэнцыйны кандыдат распавёў, што з ім праводзілі прафілактычныя гутаркі, каб ён прызнаў сваю «памылку» і публічна пагадзіўся з лічбай, агучанай у ЦВК. Палітык не называе ведамства, прадстаўнікі якога ціснулі на яго.

Кампрамісам стала заўвага на сайце палітыка і сацыяльных сетках пра колькасць подпісаў. «Сабранай, праверанай і пададзенай намі колькасці подпісаў для рэгістрацыі дастаткова. Мы выступаем за далейшы ўдзел усіх дэмакратычных сілаў у гэтых выбарах для пераменаў, неабходных Беларусі», – гаворыцца ў заяве.

Беларускае Радыё Рацыя