Улады перашкаджаюць фармаванню ініцыятыўных груп кандыдатаў
Каля паўтары тысячы чалавек увойдуць у ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты лідара Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Сяргея Калякіна на маючых адбыцца 11 кастрычніка выбарах.
Пра гэта ён паведаміў па выніках пленума цэнтральнага камітэта партыі, які адбыўся ў Менску. Калякін паведаміў, што пры фармаванні ініцыятыўнай групы партыя сутыкалася з пэўнымі праблемамі, а людзі паведамлялі пра іх запалохванні ўладамі:
– Ёсць выпадкі, пра якія мы ведаем. Так, у Менску ў выканкамах праходзілі сходы, дзе збіралі кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і устаноў, дзе ім раілі, каб яны праводзілі сходы і казалі людзям, што не трэба ўваходзіць у групы альтэрнатыўных кандыдатаў, папярэджвалі, каб не было іх людзей у групе падтрымкі. Гэта было. Гэта факт.
Пакуль жа спісы сябраў ініцыятыўнай групы не пададзеныя, таму, па словах Калякіна, пра канкрэтных асоб, якія падвяргаліся ціску, яму невядома. Лідар «Справядлівага свету» таксама паведаміў, што кіраўніком яго перадвыбарчага штаба і ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў прызначаны намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя