Улады працягваюць рэпрэсіі замест лібералізацыі, лічаць кіраўнікі БНК



Рада Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК; арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі) „канстатуе, што рэжым, які кіруе ў Беларусі, працягвае і пашырае палітыку націску на грамадства”.

„Пры ўсіх размовах аб лібералізацыі націск на грамадства не слабее, а ўзмацняецца. Адбываецца не абяцаная дэмакратызацыя, не эканамічныя і палітычныя рэформы, а мадэрнізацыя рэпрэсій, — паведаміў БелаПАН палітык Мікалай Статкевіч аб прынятым БНК 9 лістапада дакуменце. — Аб’ектамі рэпрэсій акрамя актывістаў палітычных партый, дэмакратычных арганізацый у цяперашні час з’яўляюцца яшчэ і журналісты, праваабаронцы, блогеры, эколагі, абаронцы месцаў масавых сталінскіх расстрэлаў у Курапатах, незалежныя прафсаюзы”.

Савет БНК выказвае абурэнне сённяшняй адмовай Менскага гарадскога суда ў задавальненні касацыйнай скаргі пра крымінальны прысуд лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку.

„Згодна з гэтым прысудам нашы таварышы павінны чатыры гады жыць пад жорсткім кантролем міліцыі. З уласнага жылля яны могуць выходзіць толькі на працу, іх пазбавілі права займаць любыя кіруючыя пасады, у тым ліку і ў прафсаюзе”, — гаворыцца ў заяве БНК.

„Прысуд з’яўляецца помстай рэжыму прафсаюзным лідарам за іх прынцыповую і паслядоўную дзейнасць па абароне правоў працоўных”, — адзначаецца ў дакуменце.

Савет БНК заяўляе пра „цвёрды намер” змагацца за адмену несправядлівага прысуду Фядынічу і Комліку, „за спыненне рэпрэсій” супраць іх.

9 лістапада Менскі гарадскі суд не задаволіў апеляцыйныя скаргі на прысуды, вынесеныя лідарам незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку. Рашэнне прыняла 9 лістапада калегія суддзяў у складзе Сяргея Хрыпача, Любові Сімахінай і Пятра Арлова.

Комлік і Фядыніч паведамілі журналістам, што маюць намер працягнуць абскарджанне абвінаваўчага прысуду. Паводле слоў Фядыніча, наступным крокам будзе наглядная скарга старшыні Менгарсуда. Калі і гэты крок будзе беспаспяховым, лідары прафсаюза РЭП звернуцца ў Вярхоўны суд. Разам з тым Фядыніч у адмену прысуду не верыць.

24 жніўня суд Савецкага раёна Менска прызнаў Фядыніча і Комліка вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК) і прыгаварыў да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу з забаронай на працягу пяці гадоў займаць кіруючыя пасады. Фядыніч і Комлік віны не прызналі, апеляцыйныя скаргі былі пададзеныя 3 верасня.

Праваабаронцы, а таксама замежныя і міжнародныя прафцэнтры заклікалі ўлады Беларусі перагледзець прысуды і спыніць крымінальны пераслед лідараў незалежнага прафсаюза, паколькі звязваюць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка „выключна з іх мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека”.

БНК быў створаны ў маі 2016 года апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі. Сустаршынямі рады БНК з’яўляюцца Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў.

belapan.by