Улады працягваюць спробы задушыць любыя праявы нязгоды



Па розных гарадах Беларусі пракацілася хваля ператрусаў, адбыліся кропкавыя затрыманні прадстаўнікоў праваабарончай і журналісцкай супольнасці. Улады працягваюць спробы задушыць любыя праявы нязгоды, але ніяк не зразумеюць, што справа не ў праваабаронцах і журналістах, справа ў саміх беларусах.

Для ўладаў Беларусі ўсё ўпіраецца ў грошы. Так, замест прагі да свабоды і дэмакратыі ў вачах і сэрцах сотняў тысяч беларусаў, якія месяцамі мірна пратэставалі на вуліцах сваіх гарадоў, улады бачылі “руку Захаду”, запэўнівалі з дапамогай дзяржаўнай машыны прапаганды, што ўсе пратэсты – аплачаныя, і пратэстоўцы выходзяць на вуліцы выключна за грошы, якія ім перадае “дзядзя Сэм”. Многія ва ўладзе, магчыма, і самі паверылі ў гэтую мантру, а многія зрабілі выгляд, што паверылі ці ўрэшце рэшт пераканалі самі сябе. Падчас так званага “Усебеларускага народнага сходу” і Аляксандр Лукашэнка шмат казаў пра грошы, сутнасць сказанага – “не вучыце нас жыць, лепш дапамажыце фінансава”.

Дзень 16 лютага, які стаў “чорным днём” у жыцці беларускага грамадства, таксама праходзіў на фоне грошай. За дзень у розных гарадах краіны, пачынаючы з Менска і ўсіх абласных цэнтраў, прайшло каля сарака ператрусаў пераважна ў прадстаўнікоў праваабарончай і журналісцкай супольнасці. Следчы камітэт патлумачыў гэта расследаваннем у межах крымінальнай справы па артыкуле 342 – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. У межах расследавання нібыта шукаюць абставіны фінансавання пратэставай дзейнасці. То бок на думку Следчага камітэта, фінансаваннем пратэстаў маглі займацца праваабаронцы і журналісты. Толькі вось тыя журналісты – нясуць праўдзівую інфармацыю, а праваабаронцы – дапамогу рэпрэсаваным. І ў гэтым палягае іх асноўная правіна. У некаторых, у каго прайшлі напярэдадні ператрусы, канфіскавалі асабістыя грошы, якія знайшлі дома. Вы гэта сур’ёзна? Грошы  на масавыя пратэсты нехта трымае дома ў слоіку ад кавы ці ў пральнай машыне? А можа проста нехта вельмі баіцца вясны і таго, што яна можа зноў абудзіць беларускае грамадства? І таму “выпальвае калёным жалезам” усё, што можна выпаліць. Праваабарончую і журналісцкую супольнасць у тым ліку. Абяцаюць узяцца за малы і сярэдні бізнес, каб зашмат не зараблялі, а больш аддавалі дзяржаве. Толькі з бізнесам можа атрымацца так, што дзяржава ўвогуле не атрымае нічога, калі будзе пакідаць пасля сябе толькі “выпаленую зямлю”. Дарэчы, сёння пачынаецца гучны судовы працэс па справе Віктара Бабарыкі. Перад судом ён здолеў звярнуцца да беларусаў з пасланнем. Працытую яго словы: “Змрок, злосць і хлусня не могуць быць вечнымі. Запаленае вамі святло дабра і праўды нельга пагасіць не толькі ў вашых сэрцах. Яго немагчыма схаваць ад вачэй іншых людзей. А значыць, світанак прыйдзе і асвяціць прасторы нашай Беларусі”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя