Улады рыхтуюць новы пакет мер па барацьбе з карупцыяй
Беларускія ўлады маюць намер прыняць новыя меры па барацьбе з карупцыяй. Гэта вынікае з ліста Генеральнай пракуратуры, які паступіў у грамадскія аб’яднанні.
У лісце гаворыцца, што пытанне аб барацьбе з карупцыяй разглядалася на калегіі Адміністрацыі прэзідэнта.
Паводле вынікаў пасяджэння „прапанаванае ў межах дзейнасці каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй распрацаваць комплекс мер па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці кіраўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па прафілактыцы карупцыйных праяў”.
У сувязі з гэтым у сваім лісце Генпракуратура просіць дзяржорганы і грамадскія аб’яднанні да 15 жніўня ўнесці прапановы ў комплекс мер па барацьбе з карупцыяй, раней зацверджаны на ўрадавым узроўні.
Генпракуратура ўвесну гэтага года паведаміла, што ў першым квартале было зафіксавана 696 карупцыйных злачынстваў. „Гэта ў два разы больш, чым за такі ж перыяд 2017 года — 311. Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 264 службовыя асобы”, — адзначалася ў рэлізе.
Пры гэтым ведамства ўдакладніла, што рост колькасці карупцыйных злачынстваў „абумоўлены не толькі актыўнасцю праваахоўных органаў, але і наяўнасцю шматэпізодных крымінальных спраў”.
У першым квартале 2018 года ў параўнанні з першым кварталам мінулага года ў структуры карупцыйных злачынстваў колькасць выпадкаў атрымання хабару ўзрасла з 86 да 294, крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі — з 119 да 153, злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі — з 61 да 78, давання хабару — з 17 да 132.