Улады ствараюць безальтэрнатыўныя камісіі
У раённых выбарчых камісіях у Бярозаўскім, Драгічынскім, Іванаўскім, Івацэвіцкім і Пружанскім раёнах зноў толькі свае. Створаны камісіі па старым прынцыпе: амаль без змен, з начальнікаў рознага кшталту, разбаўленыя парай надзейных пенсіянераў з вялікім стажам работы ў камісіях і таксама ў былым не шараговых работнікаў.
Кажа сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяржук Русецкі:
– У Драгічыне, Пружанах, Іванаве і Івацэвічах камісія фактычна створана на безальтэрнатыўнай аснове. То бок было вылучана 13 прадстаўнікоў, і ўсе яны былі ўключаныя ў склад раённай выбарчай камісіі. У Бярозе, калі былі вылучаныя два альтэрнатыўныя прадстаўнікі партыі БНФ, то для таго, каб іх не ўключэнне і, магчымае, абскарджанне ў суд можна было нечым абгрунтоўваць, атрымалася што на 13 месцаў было 17 вылучэнцаў.
Паводле Сяржука Русецкага, нічога новага і неспадзяванага. Усё па выверанай схеме, якая дасць патрэбны вынік – шосты тэрмін Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, стварэнне камісіяў ва ўмовах пандэміі праводзілася анлайн без прысутнасці прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, у той час як самі стваральнікі ў масках былі як рэдкае выключэнне.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя