Улады ўбіваюць клін у шэрагі апазіцыі?
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі і ўдзельнік праймерыз Мікалай Казлоў выказаў свой погляд на сітуацыю, калі кампанію пакідаюць палітыкі.
Мікалай Казлоў: На мой погляд, вельмі дрэнна, што і Павел Севярынец, і Аляксей Янукевіч пакінулі праймерыз. У гэтым нават і сумнявацца не даводзіцца. Вельмі шкада, што Павел так эмацыйна прыняў пэўныя выклікі. Таму, безумоўна, і мы страчваем, і Севярынец з Янукевічам страчваюць, і праймерыз страчвае. У гэтай сітуацыя няма пераможцаў, акрамя ўлады. Ім на руку такі разлад.
РР: Адным з фактараў таго, што Севярынец зняўся з праймерыз было масавае галасаванне праўладных чыноўнікаў у Берасцейскай вобласці за Юрася Губарэвіча, які родам з той жа вобласці.
Мікалай Казлоў: Для мяне відавочна, што такім чынам улады хацелі ўнесці раскол, бо наўрад ці яны прыходзілі на галасаванне толькі таму, што хочуць змены рэжыму. Відаць, ёсць нейкая ўладная стратэгія, якая даведзена да раённых чыноўнікаў.
Гэта такая новая стратэгія ўлады па дыскрэдытацыі апазіцыйных кандыдатаў, што для мяне абсалютна відавочна. Для нас гэта таксама новыя выклікі і трэба падумаць, як іх мінімізаваць.
З самага пачатку было зразумела, што ўлады не будуць ціха назіраць за тым, як ідзе абранне адзінага кандыдата шляхам народнага галасавання. Наша мэта была прыцягнуць як мага больш незаангажаваных у палітыцы людзей, але ўлады вырашылі праймерыз павярнуць такім чынам, каб перасварыць яго ўдзельнікаў. Вельмі сумна, што склалася такая сітуацыя. Нам усё-такі трэба яднацца і спрабаваць змяніць сітуацыю.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя