Прафсаюз РЭП заяўляе пра ўзмацненне ціску на сваіх актывістаў



Такога масавага ціску, які ідзе з боку дзяржавы на прадстаўнікоў Незалежнага прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці, магчыма, у Беларусі раней і не было, – лічыць старшыня гэтага прафсаюзу Генадзь Фядыніч.

Па яго меркаванні, гэта і шматлікія выклікі прафсаюзных актывістаў на допыты, і выпадкі іх затрыманняў і працяглых асабістых даглядаў на мяжы.

– Працягваюцца гэтыя выклікі на допыты ў рэгіёнах. Ні ў кожным рэгіёне ёсць Следчыя камітэты, напрыклад, у Мікашэвічах. Тады выклікаюць у Столін. Людзі, безумоўна, туды не едуць, таму што хто будзе плаціць за квіткі? Да іх прыязджаюць. Такога масавага ціску не было ніколі ў Беларусі, на мой погляд. Яны лічаць, што гэта не ціск, гэта яны робяць, каб як мага аб’ектыўней гэту справу завершыць.

Па словах Генадзя Фядыніча, пра ўсе выпадкі пераследу сябраў прафсаюзу інфармуецца беларуская і міжнародная супольнасць, кіраўніцтва Міжнароднай арганізацыі працы і глабальнага прафсаюзу „Індастрыал” (IndustriALL). Таму  і адказ на гэтыя дзеянні беларускай улады абавязкова будзе”, – упэўнены Генадзь Фядыніч.

За апошні тыдзень чацвёра яго актывістаў былі затрыманыя на мяжы, – кажа сукаардынатар моладзевай сеткі гэтага прафсаюзу Ганна Дусь.

Фота praca-by.info. Зінаіда Міхнюк (у цэнтры), Ганна Дусь (справа)

Яна, а таксама намесніца кіраўніка прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк былі знятыя з цягніка на памежным пункце Гудагай і 3 гадзіны правялі  на мяжы.

– У нас быў асабісты дагляд і пільны дагляд нашых рэчаў. Ніякіх прычын, чаму мы там знаходзімся, нам не тлумачылі. Пасля трох гадзін адпусцілі. Зразумела, не тым цягніком, якім мы туды прыехалі. Квіткі нашыя прапалі. Нам нічога не кампенсавалі. Андрэй і Яўгенія Стрыжакі былі затрыманыя ў ноч з 13 на 14 сакавіка на памежным пункце пропуску Каменны Лог. Яны ехалі рэйсавым аўтобусам, з імі адбылася такая ж самая сітуацыя.

Затрыманне адбылося па той жа схеме і без тлумачэнняў. Аднак Андрэй Стрыжак, адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў Гомеля,  паспеў заўважыць на кампутары памежнікаў нейкую пазнаку і зрабіў выснову, што актывісты РЭПу ўнесены ў адмысловыя спісы.  Таму казаць пра тое, што затрыманні на мяжы і пільны дагляд – гэта выпадковасць, не выпадае. „Тое што адбылося мы звязваем з працягам рэпрэсій у дачыненні да незалежнага прафсаюза РЭП. Яны пачаліся ў жніўні мінулага года, калі была заведзена палітычна матываваная крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў прафсаюза”, – лічыць Ганна Дусь.

Нагадаем, крымінальная справа аб ухіленні ад уплаты падаткаў у асабліва буйным памеры была распачата супраць Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара РЭП Ігара Комліка напачатку жніўня 2017 года. Яны сваю віну адмаўляюць і лічаць справу  палітычна матываваным пераследам.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя