Улады задумаліся пра адмену мясцовых выбараў у 2022 годзе
Улады задумаліся пра адмену мясцовых выбараў у 2022 годзе і пераносе іх на лістапад 2023 года, каб сумясціць іх з выбарамі ў парламент. Такую выснову можна зрабіць з публікацый у дзяржаўных СМІ.
Учора, 19 траўня, падчас сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі парламентарыі абмеркавалі магчымасць увядзення адзінага дня галасавання на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў.
Старшыня Менскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі, член так званай канстытуцыйнай камісіі Наталля Якубіцкая падкрэсліла, што пры падтрымцы грамадзянамі праекта абноўленай Канстытуцыі на рэферэндуме паўнамоцтвы дэпутатаў, абраных у склад мясцовых саветаў, у студзені 2022 года працягнуцца да адзіных выбараў у Нацыянальны сход і мясцовыя саветы. Гэта значыць да лістапада 2023 года.
Ініцыятыва па ўвядзенні адзінага дня галасавання на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў дазволіць «надаць стабільнасць палітычнай сістэме». Пра гэта заявіў сябра Канстытуцыйнай камісіі Сяргей Сівец у эфіры БТ.
Член Палаты прадстаўнікоў у эфіры СТБ Валянцін Семяняка заявіў:
— Сёння, прымаючы рашэнне пра тое, каб, падкрэсліваю, заканадаўчым чынам забяспечыць падаўжэнне паўнамоцтваў дзеючых дэпутатаў мясцовых саветаў, мы разумелі, што гэтая мера не проста правільная, але гэта мера, выкліканая часам.
Нагадаем, па цяперашняй Канстытуцыі мясцовыя саветы выбіраюцца на 4 гады, такім чынам, выбары меліся прайсці не пазней за пачатак 2022 года.